Еўрапарламент: Рэферэндум у Каталоніі «у прынцыпе законны»

Рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі з'яўляецца законным. Пра гэта заявіла намеснік кіраўніка Еўрапарламента, дэпутат з Аўстрыі Ульрыке Луначэк.

katalonia_1.jpg

«У прынцыпе рэферэндум з'яўляецца законным, але, як паказаў прыклад Шатландыі, ён павінен праходзіць па ўзгадненні з Мадрыдам. Разам з тым цэнтральны ўрад павінен нарэшце спыніць блакаду дыялогу», — гаворыцца ў заяве намесніка кіраўніка Еўрапарламента, якую цытуюць еўрапейскія СМІ.
Луначэк таксама кажа, што шакаваная сітуацыяй у Каталоніі, і заклікала да дээскалацыі канфлікту. «Я асуджаю прымяненне гумовых куль і дубінак іспанскімі сілавымі структурамі», — дадала еўрадэпутатка.
У Каталоніі сёння, 1 кастрычніка спрабуюць правесці рэферэндум аб незалежнасці ад Іспаніі. Па стане на сярэдзіну дня ўлады аўтаноміі заявілі, што яўка склала 50%.
У бюлетэнях для галасавання толькі адно пытанне: «Ці хочаце вы, каб Каталонія стала незалежнай дзяржавай у форме рэспулікі?», і два варыянты адказу — так ці не.
За некалькі дзён да рэферэндуму ўлады Іспаніі канфіскоўвалі бюлетэні, штрафавалі буйных каталонскіх чыноўнікаў і часова затрымалі дзясяткі палітыкаў, якія выступалі за незалежнасць.
Паводле Еўрарадыё