FT: ЗША пашыраюць расследаванне маскоўскіх здзелак Deutsche Bank
Расследаванне тычыцца так званых люстраных здзелак, з дапамогай якіх расійскія кліенты Deutsche Bank маглі выводзіць свае сродкі за мяжу ў абыход міжнародных санкцыяў.
Deutsche Bank. Фота Reuters
Дэпартамент юстыцыі ЗША і кіраванне фінансавых паслуг Нью-Ёрка вырашылі пашырыць маштаб праверкі дзейнасці маскоўскага падраздзялення Deutsche Bank. Пра гэта ў нядзелю, 25 кастрычніка, паведаміла брытанская газета Financial Times.
Па дадзеных выдання, амерыканскія ўлады правяраюць, ці не дазвалялі расійскім кліентам аперацыі, якія ажыццяўляюцца супрацоўнікамі Deutsche Bank у Маскве, выводзіць свае сродкі за мяжу ў абыход міжнародных санкцыяў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб так званых люстраных здзелках. Сутнасць іх у тым, што кліенты куплялі каштоўныя паперы праз маскоўскі офіс Deutsche Bank у рублях, а затым прадавалі іх за валюту праз офіс банка ў Лондане. Як сцвярджае Financial Times, расследаванне вядзецца вакол здзелак на агульную суму ў 6 мільярдаў долараў.
Паводле www.dw.com