Кампанія «Боінг» прапануе дастаўляць людзей на Месяц прамымі рэйсамі з 2024 года
Аэракасмічная карпарацыя «Боінг» прапануе NASA варыянт палётаў да Месяца, які не патрабуе стыкоўкі карабля са станцыяй на калямесяцовай арбіце. Падобна караблям серыі «Апалон» спраектаваныя караблі будуць пераадольваць шлях да Месяца, дзе ад іх аддзеліцца модуль, што служыць для пасадкі на Месяц і ўзлёту з яго паверхні. Карпарацыя лічыць, што яе канцэпцыя паменшыць «складанасць і рызыку» месячнай місіі NASA.
Прапанаваны праект зроблены ў рамках «Праграмы Артэміда» (Artemis programme), якая была абвешчана урадам ЗША і прадугледжвае адпраўку пілатуемай экспедыцыі на Месяц у 2024 годзе і забеспячэнне «устойлівай прысутнасці» на Месяцы на працягу чатырох наступных гадоў. У кастрычніку гэтага года NASA афіцыйна запрасіла прыватныя кампаніі ўдзельнічаць у конкурсе праектаў пасадкавага модуля. Больш падрабязна аб праграме можна прачытаць у адмысловым нарысе.
Першапачатковы план NASA заключаўся ў тым, каб караблі стартавалі з Зямлі і стыкаваліся са станцыяй Lunar Gateway на месяцовай арбіце, а затым спушчальны модуль адпраўляўся да Месяца. Спушчальны апарат карпарацыі «Боінг» не мае патрэбы ў арбітальнай станцыі, аднак карпарацыя паведамляе, што ён будзе мець магчымасць стыкоўкі з ёй у выпадку неабходнасці. Праект уключае ў сябе тэхналогіі, распрацаваныя для касмічнага карабля Boeing CST-100 Starliner, які ў наступным месяцы пройдзе першае арбітальнае выпрабаванне на Міжнароднай касмічнай станцыі.
За час збору заявак NASA атрымала некалькі прапановаў ад розных вытворцаў. Пасля ацэнкі ўсіх праектаў павінны быць выбраны два, якія паслужаць асновай для палётаў да Месяца ў 2024 і 2025 гадах.
Паводле Pro Science