Канада выдаткуе 2,25 млн долараў на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці
Канада выдаткуе 2,25 млн канадскіх долараў (1,76 млн долараў ЗША) на падтрымку арганізацый беларускай грамадзянскай супольнасці, што садзейнічаюць прасоўванню дэмакратыі.
![scale_1200_25.jpg scale_1200_25.jpg](/img/v1/images/scale_1200_25.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў краіны Марк Гарно, які падтрымаў ініцыятыву экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай абвясціць 7 лютага Міжнародным днём салідарнасці з Беларуссю, перадае Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
МЗС Канады адзначае, што гэтыя сродкі — дапаўненне да 600 тыс долараў (469 тыс. долараў ЗША), аб выдзяленні якіх для падтрымкі беларускіх жанчын і незалежных СМІ было абвешчана раней.
На думку канадскіх уладаў, гэта дапаможа ўмацаваць разнастайнасць, устойлівасць і эфектыўнасць беларускай грамадзянскай супольнасці, якая адстойвае свае правы і грамадзянскія свабоды.
Знешнепалітычнае ведамства падкрэслівае, што Канада працягне працу са сваімі міжнароднымі партнёрамі, каб галасы людзей у Беларусі былі пачутыя, а вінаватыя ў падрыве дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека — прыцягнутыя да адказнасці.
«Канада з самага пачатку крызісу актыўна ўдзельнічала ў падтрымцы дэмакратычных памкненняў народа Беларусі і выступала за мірнае ўрэгуляванае палітычнай сітуацыі. Мы працягнем выступаць за сапраўдны і ўсебаковы нацыянальны дыялог, каб будучыня Беларусі адлюстроўвала волю яе грамадзян», — заявіў Марк Гарно.
Раней Канада ўвяла санкцыі ў дачыненні да 55 асобаў, вінаватых, на яе думку, у парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.