Катастрофа на чыгунцы ў Чэхіі: чацвёра загінулых, больш за 30 параненых
У выніку лабавога сутыкнення пасажырскага цягніка з таварным саставам недалёка ад горада Пардубіцэ адзін вагон сышоў з рэек. Рух на ўчастку паралізаваны. Прычыны аварыі пакуль не агучваюцца. Верагодная версія — памылка машыніста.
Прынамсі чатыры чалавекі загінулі ў выніку крушэння пасажырскага цягніка ў Чэхіі позна ўвечары ў сераду, 5 чэрвеня.
Пра лабавое сутыкненне цягніка RegioJet і грузавога цягніка напісаў губернатар рэгіёну Марцін Неталіцкі ў Facebook. «Паводле бягучай інфармацыі, у выніку сутыкнення загінулі 4 чалавекі, іншыя знаходзяцца ў цяжкім стане, дзясяткі атрымалі лёгкія траўмы», — гаворыцца ў паведамленні.
Чэшскія пажарныя першапачаткова заявілі пра «двух загінулых і дзясяткі параненых». Аднак пазней служба выратавання ўдакладніла, што загінулі чатыры чалавекі.
Некаторыя з параненых знаходзяцца ў цяжкім стане. Сярод іх ёсць і дзеці.
На фотаздымках з месца здарэння відаць, што вагон, які ехаў непасрэдна за лакаматывам пасажырскага цягніка, сышоў з рэек і атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні.
Паводле ўдакладнення міністра ўнутраных спраў Чэхіі Віта Ракушана, які прыбыў на месца здарэння, 20 чалавек атрымалі лёгкія раненні і трое — сярэдняй ступені цяжкасці.
Па розных звестках, у начным экспрэсе прыватнай чыгуначнай кампаніі Regiojet, які рухаўся з чэшскай сталіцы Прагі ў славацкі горад Кошыцэ, знаходзілася ад 200 да 300 чалавек. Паводле навінавага тэлеканала ČT24, аварыя адбылася недалёка ад галоўнага чыгуначнага вакзала ў горадзе Пардубіцэ, прыкладна за 100 кіламетраў на ўсход ад Прагі.
Як паведамляюць СМІ, у выратавальнай аперацыі была задзейнічана ўся выратавальная сістэма краіны, у тым ліку верталёты.
Прычыны аварыі пакуль не агучваюцца. Верагодная версія — памылка машыніста, паведаміла прэс-сакратар выратавальнай службы Пардубіцэ Алёна Кісіяла.
Паводле апублікаваных фота і відэазапісаў, пасля пераезду першы вагон ззаду лакаматыва экспрэса Regiojet сышоў з рэек і часткова перакуліўся, а ў грузавога цягніка пашкоджаны лакаматыў.
На інцыдэнт адрэагаваў прэм'ер-міністр Чэхіі Пётр Фіала. Ён выказаў спачуванні родным і блізкім загінулых.
«Сутыкненне двух цягнікоў у Пардубіцы — гэта вялікае няшчасце. Мы ўсе думаем пра ахвяраў і пацярпелых. Я выказваю свае шчырыя спачуванні ўсім сем'ям загінулых»,-напісаў у сацсетцы х прэм'ер-міністр Чэхіі Пётр Фіала.
Украінскія СМІ адзначылі, што да пасажырскага цягніка таксама былі прычэпныя вагоны, у якіх украінскія пасажыры ехалі ў Чоп. Пазней МЗС Украіны паведаміла, што загінулі дзве ўкраінкі.
Прычына аварыі ўсё яшчэ высвятляюцца. Паводле партала Zdopravy.cz, абодва машыніста цягніка выжылі ў аварыі. «Усё паказвае на тое, што сутыкненне адбылося праз памылку машыніста RegioJet», — выказаў сваю версію інцыдэнту партал.
Аварыя паралізавала рух транспарту
«Грузавы цягнік перавозіў карбід, але першыя два вагоны былі пустыя, таму больш маштабнай катастрофы не адбылося», — паведаміла тэлеканалу ČT24 прэс-сакратар пажарнай часткі Пардубіцкага раёна Вендула Гаракова.
У кампаніі «Чэшскія чыгункі» заявілі, што аварыя паралізавала рух транспарту на ўчастку чыгуначнага шляху. акаюць, што рух па калідоры ў Пардубіцы будзе адноўлены да васьмі гадзін раніцы. Адміністрацыя кампаніі папрасіла пасажыраў адкласці паездкі на цягніку ў Пардубіцы або праз яго як мінімум на ўвесь дзень 6 чэрвеня.
Паводле dw.com, www.bbc.com