Казахстан. Пакрыўдзілі класіка

У Казахстане незвычайны скандал праз Абая Кунанбаева (1845–1904). Гэтая постаць — культавая ў казахскай літаратуры, у чымсьці аналагічная Францішку Багушэвічу ў беларускай.

Нурлан Байдыльда. Скрын з роліка пра культ Абая

Нурлан Байдыльда. Скрын з роліка пра культ Абая

І вось бізнес-трэнер Нурлан Байдыльда запісаў відэаролік з маналогам, у якім аспрэчыў культ Абая.

«Я не прызнаю Абая Кунанбаева вялікім і яго месца ў гісторыі казахскага народа, якое ён цяпер займае, — сказаў Байдыльда. — Што ён зрабіў? У цяжкія часы павёў за сабой людзей або выратаваў іх? Ці быў Батыр і гераічна ваяваў, заваёўваў землі? Кіраваў народам і падняў іх дабрабыт? Ён нават не кіраваў аулам!»

Такая ацэнка Кунанбаева выклікала шквал пратэстаў. А адзін з вядомых казахскіх баксёраў-прафесіяналаў нават паабяцаў «набіць Нурлану пры сустрэчы тлустую пысу».

Ёсць версія, што напад на класіка — частка нейкай больш глабальнай стратэгіі. Замах на культ Кунанбаева — гэта разбурэнне ў масавай свядомасці базавых паняццяў: што такое добра і што такое дрэнна.

У перспектыве кампанія супраць Абая Кунанбаева, маўляў, павінна стварыць перадумовы для крытыкі іншых казахстанскіх інстытутаў і стварэння рэвалюцыйнай сітуацыі.

Паводле казахскай прэсы