Кіеўская «магілянка» распрацавала спецыяльныя ўмовы для беларускіх студэнтаў
Адзін з найбольш прэстыжных універсітэтаў Украіны распрацаваў спецыяльную праграму для студэнтаў з Беларусі, піша Свабода.
Ва Украіне Нацыянальны ўніверсітэт «Кіева-Магілянская акадэмія», улічваючы складаную палітычную сітуацыю ў Беларусі, распрацаваў адмысловую праграму навучання для беларускіх студэнтаў, выключаных з вышэйшых навучальных установаў у Беларусі за сваю актыўнасць.
У прыватнасці прапануюць праграму паступлення на першы курс і працяг навучання з другога курсу паводле бакалаўрскіх і магістарскіх праграм і абвясцілі на іх спецыяльны дадатковы прыём да 15 снежня. Кіраўніцтва акадэміі гарантуе, што пры залічэнні на навучанне беларускія студэнты будуць забяспечаныя інтэрнатам для пражывання.
Сумоўе па залічэнні праводзяць дыстанцыйна, на падставе запоўненай рэгістрацыйнай формы. У нацыянальным універсітэце таксама запэўнілі, што сваё навучанне беларускія студэнты будуць аплачваць паводле цэнаў, прадугледжаных для ўкраінскіх студэнтаў.
Беларускія студэнты могуць выбраць для навучання на бакалаўра адну з 23 спэцыяльнасьцяў. Кошт аднаго году навучання складае ад 21 да 56 тысячаў грыўняў (ад 0,7 да 2 тысячаў даляраў у эквіваленце).
Для навучання паводле магістарскай праграмы беларусам даступныя тыя самыя 23 спецыяльнасці з коштам за год ад 19 да 56 тысячаў грыўняў (ад 670 даляраў да 2 тысячаў даляраў у эквіваленце).
У верасні выкладчыкі, студэнты, супрацоўнікі і выпускнікі Кіева-Магілянскай акадэміі заявілі пра сваю падтрымку і салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якія выйшлі на мірныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый на выбарах. Асобна сваю падтрымку яны выказалі студэнтам, якіх пачалі перасьледаваць нават ва ўніверсітэтах.
«Мы, магілянцы, былі сярод ініцыятараў і актыўных удзельнікаў Аранжавай рэвалюцыі і Рэвалюцыі годнасці. Мы ведаем, што кожны чалавек мае права на свабоду і годнасць. Мы перакананыя, што кожны чалавек мае права абараняць і абараняцца, калі гэтыя асноўныя прынцыпы падвешаныя», — адзначалася ў заяве.
Больш падрабязна пра праграму.
Кіева-Магілянская акадэмія мае 400-гадовую гісторыю і цяпер ужо статус нацыянальнага ўніверсітэту.
11 лютага 2016 году навуковая рада акадэміі на сваім паседжаньні прагаласавала за наданне звання «Ганаровы доктар НаУКМА (Honoris Causa)» Святлане Алексіевіч, выбітнай беларускай пісьменніцы, лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры 2015 году.