«Коммерсант»: Некаторыя камеры ў раёне забойства Нямцова былі адключаныя з-за рамонту

Некаторыя камеры, якія знаходзіліся ў раёне забойства палітыка Барыса Нямцова на Маскварэцкім мосце, былі адключаныя з-за рамонту, піша ў панядзелак, 2 сакавіка, газета "Коммерсант".



100_5720_1__logo.jpg

Запісы з месца забойства апынуліся альбо не вельмі выразнымі, альбо і зусім адсутнічалі. Газета піша, што частка камер, пад бачнасць якіх трапляе Маскварэцкі мост, дзе застрэлілі Нямцова, была адключаная з-за рамонтных прац.

У Нямцова стрэлілі шэсць разоў, чатыры кулі трапілі ў палітыка, раненне ў сэрца аказалася смяротным. Па дадзеных «Коммерсанта», чатыры патроны былі выпушчаныя ў 1986 годзе Юрузанскім механічным заводам (які знаходзіцца ў Чэлябінску), а яшчэ два былі выпушчаныя ў 1992 годзе Тульскім патронам заводам. Тэрмін захоўвання баявых патронаў неабмежаваны ў тым выпадку, калі выконваць нормы пры захоўванні, аднак пры ценявым абароце боепрыпасаў, піша "Коммерсант", гэта зрабіць даволі складана.

28 лютага тэлеканал ТВЦ апублікаваў запіс з камеры відэаназірання, на якім бачны момант забойства Барыса Нямцова. Забойцы, як паказана на відэа, пад'ехалі да яго на машыне і стрэлілі некалькі разоў.

Нямцоў быў застрэлены позна ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў цэнтры Масквы. Развітанне з палітыкам пройдзе у аўторак, 3 сакавіка, у Сахараўскім цэнтры з 10:00 да 14:00. Нямцова пахаваюць на Траякураўскіх могілках. 1 сакавіка ў Маскве прайшло шэсце, прысвечанае яго памяці — ад Славянскай плошчы да месца забойства палітыка. Па дадзеных паліцыі, у акцыі прыняла ўдзел 21 тысяча чалавек, праект «Белый счетчик» налічыў 51 тысячу, а апазіцыянер Ілля Яшын казаў пра 100 тысяч удзельнікаў.

Паводле tvrain.ru