Кракаў памылкова зрабілі беларускай сталіцай

Маляўнічы цэнтр Кракава, старажытнай сталіцы польскіх каралёў, у амерыканскім серыяле памылкова выступіў у застаўцы навін у якасці беларускай сталіцы.

krakau.jpg

Пра гэта паведамляе сайт Gazeta Krakowska. У скандальным сюжэце вядучая серыяла распавядае пра ваенны крызіс на Беларусі, але на заднім плане можна ўбачыць Марыяцкі касцёл і помнік Адаму Міцкевічу, якія стаяць у гістарычным цэнтры Кракава, на Галоўным Рынку у старым горадзе.

Размова ідзе пра серыял «Скарпіён», які трансліруецца амерыканскім каналам CBS. Падобна, што вытворцы каналу маюць праблемы з геаграфічнымі ведамі, ці проста ўзялі карцінку з першага горада ва Усходняй Еўропе, якую мелі. У выніку чаго атрымаўся недарэчны сюжэт з выпускам навін, у якім вядучая, стоячы на фоне найбольш вядомых мясцін польскага Кракава, распавядае пра крызіс на Беларусі. Пра тое ж сведчыць і надпіс на панелі пад ёй, як гэта можна бачыць на фотаздымку.

З сюжэту можна вырашыць, што Кракаў знаходзіцца недалёка ад Мінска. Аднак пры гэтым можна таксама лічыць, што тэлевядучая пабаялася ехаць у зону канфлікту, таму выбрала запіс як мага бліжэй да мяжы, у маляўнічым каралеўскім Кракаве. Бо Чырвоны касцёл у Мінску і Марыяцкі касцёл у Кракаве пераблытаць цяжка.

Недарэчнасці сюжэту дадае і той факт, што ў серыяле вытворчасці CBS Television Studios, распавядаецца пра групу агентаў з вельмі высокім узроўнем інтэлекту. Адзін з агентаў мае нават IQ 197, пры тым што вядомы вучоны Эйнштэйн меў 160! Апроч таго, дыктар у стужцы прамаўляе, што гэта «гісторыя, заснаваная на фактах». Галоўны герой стужцы ва ўзросце 11 гадоў выкраў у НАСА планы касмічнага шатла, і урад ЗША завярбоўвае яго ў свае шыхты. Цяпер ён камандуе «групай стратэгічнага рэагавання».

З гэтай гісторыі пачынаецца эпізод. Далей, элегантная вядучая навінавага тэлеканалу Wiadomości84 стаіць раніцай на Рынкавай плошчы ў Кракаве, і за ёй можна бачыць, як промні сонца прабіваюцца праз вежы Марыяцкага касцёлу, побач старадаўнія камяніцы, помнік Адаму Міцкевічу. Толькі ёсць адна нестыкоўка — прама пад серыяльнай журналісткай на экране мы бачым надпіс на англійскай мове: «Растучы крызіс у Беларусі». Усё быццам адбываецца ў прамым эфіры, хаця, верагодней за ўсё, вядучая не стаіць на рынку, а размешчана ў карцінку мантажом. І вось што яна пры гэтым кажа: «На спакойныя палі Беларусі ў бліжэйшы час могуць уехаць танкі». І далей: «разгарэўся канфлікт на мяжы з Літвой і Латвіяй». Заканчваецца тым, што Польшча, Расія, Кітай, Германія і ЗША абяцаюць ваенную падтрымку.

У сувязі з гэтым улады Кракава збіраюцца пісаць ліст у CBS. Дадзеную сітуацыю намеснік мэра Кракава па культуры і па пасоўванню горада Анджэй Куліг пракаментаваў наступным чынам: «Насамрэч, ёсць мапы свету, на якіх Беларусь знаходзіцца на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Настаў, аднак, час, каб амерыканскія СМІ зрабілі абнаўлення і карэкціроўкі межаў дзяржаў у Еўропе. Бо у той жа час верным ёсць тое, што ні ў XVII стагоддзі, ні, тым больш, у стагоддзі XXI Кракаў не ўваходзіў у склад беларускіх зямель».