Куба адмаўляецца будаваць камунізм

Праект новай канстытуцыі Кубы прадугледжвае прызнанне правоў грамадзян на прыватную ўласнасць. Кубінцы адмовяцца ад камунізму, спыніўшыся на будаўніцтве сацыялізму.

Куба. Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Куба. Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

У парламенце Кубы абмяркоўваецца праект новай канстытуцыі краіны, які павінен замяніць дзейную канстытуцыю, прынятую пры Фідэле Кастра ў 1976 годзе, паведамляе dw.com. Як абвясціў у суботу, 21 ліпеня, сакратар Дзяржсавета Кубы Омер Акоста, асноўны закон павінен прызнаць права грамадзян на прыватную ўласнасць. Акрамя таго, замест будаўніцтва "камуністычнага грамадства" ў якасці мэты праект канстытуцыі прапануе "будаўніцтва сацыялізму".
Новая канстытуцыя Кубы павінна адлюстраваць палітычныя і эканамічныя змены, каб умацаваць пазіцыі аднапартыйнай сістэмы ў краіне ў будучыні. Так, праект прадугледжвае лібералізацыю эканамічнага ладу, у прыватнасці, прызнанне прыватнай уласнасці. Гэта павінна, у сваю чаргу, забяспечыць прававое прызнанне малога бізнесу, які квітнее ў сувязі з апошнімі эканамічнымі рэформамі.

Маштабныя рэформы ва ўрадзе


Хоць кіруючай палітычнай сілай застаецца камуністычная партыя, праект канстытуцыі прадугледжвае вялікую ступень размежавання ўлады пасля амаль 60-гадовага праўлення братоў Кастра. Згодна з дакументам, замест прэзідэнта ўрад узначаліць прэм'ер-міністр. Акрамя таго, прэзідэнт больш не будзе старшынёй Дзяржаўнага савета і Савета міністраў. Замест гэтага Дзяржаўны савет — вышэйшы выканаўчы орган Кубы — будзе ўзначальваць старшыня парламента.
Праект новага асноўнага закона прадугледжвае абмежаванні для прэзідэнта па ўзросту і часе знаходжання на пасадзе. Так, пры першым уступленні на пасаду прэзідэнт Кубы павінен быць не старэйшы за 60 гадоў, акрамя таго, ён не можа абірацца больш за два разы запар. Тэрмін знаходжання на пасадзе прэзідэнта — 5 гадоў.

Аднаполыя шлюбы


Раней стала вядома, што ў новай канстытуцыі Кубы хочуць дазволіць аднаполыя шлюбы. У праекце дакумента гаворыцца, што "шлюб — гэта добраахвотны саюз паміж двума людзьмі" без указання іх полу. Пасяджэнні парламента па новай канстытуцыі павінны завяршыцца 23 ліпеня, пасля ўхвалення праекта дэпутатамі ён будзе вынесены на рэферэндум.