Курманбеку Бакіеву замянілі пажыццёвае зняволенне на 30 гадоў пазбаўлення волі
Вярхоўны суд Кыргызстана прыгаварыў былога прэзідэнта краіны Курманбека
Бакіева да 30 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе інфармагенцтва 24.kg.
Экс-прэзідэнту, які збег з краіны, у 2010 годзе было дадзена беларускае грамадзянства. 1 жніўня яму споўніцца 67 гадоў. Раней, нагадаем, Курманбек Бакіеў быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення.
Кіраўнік службы дзяржаховы Жаныбек Бакіеў і экс-прэм'ер-міністр Даніяр Усенаў асуджаныя пажыццёва. Намеснік кіраўніка спецслужбаў Марат Бакіеў асуджаны на 27 гадоў турмы. Вынесены таксама прысуды іншым удзельнікам падзей 7 красавіка 2010 года.
Звергнуты з пасады прэзідэнта Кыргызстана ў красавіку 2010 года Курманбек Бакіеў прыехаў у Беларусь з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі па асабістым запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Як мяркуецца, у жніўні таго ж года ён атрымаў беларускае грамадзянства.
Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, у сябе на радзіме прызнаныя вінаватымі ў саўдзеле ў арганізацыі забойства, замаху на забойства, перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Кіргізскі бок неаднаразова патрабаваў ад Беларусі затрымання і экстрадыцыі Курманбека Бакіева, але беспаспяхова.
22 кастрычніка 2015 года экс-прэзідэнт прадставіў у Мінску кнігу ўспамінаў «Боль, любоў і надзея: мой Кыргызстан».
У пачатку 2016 года пасол Кыргызстана ў Мінску Кубанычбек Амураліеў заявіў, што праблема Бакіева застаецца на парадку дня беларуска-кіргізскіх адносін. Ён не стаў удакладняць, што робіцца для вырашэння гэтай праблемы.
Паводле БелаПАН