Кыргызстан. Двух былых прэзідэнтаў абвясцілі ў міжнародны вышук
Двух былых прэзідэнтаў Кыргызстана Аскара Акаева і Курманбека Бакіева абвясцілі ў вышук.
Першы і другі прэзідэнты Кыргызстана Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў абвешчаныя ў міжнародны вышук па справе аб працы найбуйнейшага ў краіне радовішча золата Кумтор. Пра гэта паведаміў кіраўнік Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Кыргызстан Камчыбек Ташыеў, піша 24.kg.
Акаева падазраюць у злоўжыванні службовым становішчам пры падпісанні пагаднення з канадскай кампаніяй «Cameco Corporation». Гэтая кампанія з пачатку 1990-х гадоў распрацоўвала радовішча і, як піша РІА «Новости», стаяла ля вытокаў угоды, пасля якой Кыргызстан «фактычна, страціў кантроль над Кумторам».
У чым падазраюць Курманбека Бакіева, не ўдакладняецца. Акрамя яго ў вышук абвясцілі яго сына Максіма Бакіева.
Аскара Акаева зрынулі з пасады прэзідэнта Кыргызстана падчас так званай «цюльпанавай рэвалюцыі» ў 2005 годзе, пасля чаго ён збег у Расію. Курманбека Бакіева адхілілі ад улады пасля новых пратэстаў 2010 года, ён з'ехаў у Беларусь.
Паводле meduza.io