Ла-Нінья астудзіла Ціхі акіян. Як гэта паўплывае на надвор'е ў свеце?

У паўднёвай частцы Ціхага акіяна зараджаецца прыродны феномен Ла-Нінья, які абяцае стаць самым магутным за апошнія 10 гадоў, паведамілі ў штаб-кватэры Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі ў Жэневе.

NASA

NASA

Пік з'явы прыйдзецца на першы квартал 2021 года. Сіноптыкі ацэньваюць яго ў дыяпазоне "ад умеранага да моцнага".
Ла-Нінья ўплывае на надвор'е ва ўсім свеце.

Што такое Ла-Нінья?

Ла-Нінья ("Малышка") рэгулярна ўзнікае ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна, калі стабільны ўсходні вецер гоніць цёплую ваду ад берагоў Перу і Чылі ў бок Інданезіі і Аўстраліі. У выніку на паверхню падымаецца халодная вада з марскіх глыбінь, і ў рэгіёне надыходзіць пахаладанне.
Зваротная з'ява, калі тэмпература вады і паветра ля ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі павышаецца, завецца Эль-Ніньё ( "Малыш").
Чаргаванне Эль-Ніньё і Ла-Ніньі называецца Паўднёвай асцыляцыяй.
Феномен упершыню падрабязна апісаў брытанскі навуковец Гілберт Уокер у 1923 годзе, аднак мясцовыя рыбакі звярнулі на яго ўвагу значна раней. Ла-Нінья не мела для іх практычнага значэння, але пацяпленне вады пры Эль-Ніньё дрэнна ўплывала на ўловы.
З'ява нярэдка супадае па часе з Калядамі, а "Эль-Ніньё" ў іспанамоўных краінах называюць немаўля Хрыста, адсюль і паўстаў тэрмін.

Што гэта значыць для нас?

Ла-Нінья паніжае сярэднія тэмпературы ва ўсім свеце.
Яе характэрныя наступствы — халодная і вільготная зіма на поўначы Еўропы і ў Брытаніі, дажджлівае лета ў Інданезіі і Аўстраліі, моцныя мусоны (вятры, што дзьмуць з сушы на акіян) у Паўднёва-Усходняй Азіі, холад у Паўднёвай частцы Афрыкі.
Зіма на расійскім Далёкім Усходзе, у Японіі, Карэі, Канадзе і на поўначы ЗША абяцае быць снежнай і ветранай. У Тэхасе, Фларыдзе і іншых паўднёвых штатах будзе, наадварот, вельмі суха.
Яшчэ адзін эфект Ла-Ніньі — скарачэнне сілы вертыкальных паветраных патокаў над цэнтральнай Атлантыкай, што спрыяе фарміраванню трапічных ураганаў. З пачатку 2020 года іх было незвычайна шмат, цэлых 17, а ў наступным годзе можа стаць нават больш.
Апошні раз моцная Ла-Нінья мела месца ў 2010-2011 гадах.

NASA

NASA


Ла-Нінья і глабальнае пацяпленне

2020 год і папярэднія яму пяць гадоў выдаліся аднымі з самых гарачых на Зямлі за ўсю гісторыю назіранняў.
"У прынцыпе Ла-Нінья паніжае глабальную тэмпературу, але ў гэты раз эфект ад яе, верагодна, будзе перакрыты нагрэвам атмасферы з-за парніковых газаў", — лічыць генеральны сакратар Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі Петэры Таалас.
"Апошнім часам гады з моцнай Ла-Ніньяй бываюць цяплейшымі, чым у мінулым гады з моцным Эль-Ніньё", — кажа ён.
Бі-бі-сі