Латвія ўзмацняе пакаранне за незаконны пераход мяжы. За гэта можа быць да 4 гадоў пазбаўлення волі
Урад Латвіі падтрымаў папраўкі да закону, паводле якіх незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы прызнаецца цяжкім злачынствам, піша Свабода. Пакаранне паводле гэтага артыкула павялічыцца з двух да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
![Фота bb.lv Фота bb.lv](/img/v1/images/162808953625644ecf72173b334c10bddfe7d149887a6.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота bb.lv
Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі, якое ініцыявала папраўкі, падкрэслівае, што пакаранне трэба зрабіць больш жорсткім у сувязі з ростам парушэнняў на мяжы з Беларуссю ў апошнія тыдні. Ведамства таксама прапануе паскорыць будаўніцтва інфраструктуры на мяжы з Беларуссю: мяжу прапануецца «дапоўніць» будаўніцтвам дарог, мастоў і агароджы з калючага дроту.
Улады Латвіі 10 жніўня абвясцілі рэжым надзвычайнай сітуацыі на мяжы з Беларуссю ў сувязі з наплывам мігрантаў. Гэты дакумент дазваляе памежнікам выкарыстоўваць фізічную сілу і спецыяльныя сродкі, каб вяртаць у Беларусь людзей, якія незаконна перайшлі мяжу. Памежнікам будуць дапамагаць вайскоўцы і паліцыя.
З 10 жніўня латвійскія сілавікі не прапусцілі праз мяжу 417 чалавек.
Да гэтага з павелічэннем колькасці незаконных пераходаў мяжы сутыкнулася Літва. З пачатку году там затрымалі больш за чатыры тысячы чалавек. Літоўскія ўлады абвінавачваюць улады Беларусі ў тым, што тыя спрыяюць нелегальнаму перасячэнню мяжы.