Луцэнка прызнаў, што расследаванне забойства Шарамета да гэтага часу безвынікова

Генпракурор Украіны прызнаў, што «праваахоўная сістэма пакуль не дала выніку» ў справе аб забойстве беларускага журналіста, паведамляе svaboda.org са спасылкай на тэлеканал «Прямый».

5c911fa_1.jpg


У інтэрв'ю тэлеканалу «Прямый» генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка прызнаў адсутнасць вынікаў у справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета, якое ўчынілі летам 2016 года.


Луцэнку спыталі, ці не паўторыцца сітуацыя з расследаваннем справы Шарамета ў справе аб забойстве журналісткі Кацярыны Гандзюк (яна памерла пасля нападу з сернай кіслатой, праз гэта Луцэнка падаў заяву аб адстаўцы).
«Так ужо не выйдзе, — казаў Луцэнка пра справу аб забойстве Гандзюк. — Паколькі ў справе Шарамета сапраўды, зноў жа, адзін з людзей, які мае асабістыя стасункі... Няма нават выканаўцы.
Па справе Каці Гандзюк выяўленыя канкрэтныя чатыры выканаўцы і арганізатар. Спадзяемся, што мы выйдзем на замоўніка. Для гэтага ёсць шмат падставаў і магчымасцей. Калі надалей следства не будуць дыскрэдытаваць і знішчаць, а наадварот з ім супрацоўнічаць, то ўсё атрымаецца.
Па справе Шарамета, сапраўды, я прызнаю, уся праваахоўная сістэма пакуль не дала выніку. З іншага боку, трэба таксама не чакаць цудаў у асобна ўзятай краіне».
Яшчэ ў жніўні Луцэнка казаў, што ў справе Шарамета «маем адну нітачку», якая можа вывесці на выканаўцу. Але тады ён падкрэсліваў: гэта не дакладна, а толькі магчыма.
Журналіст Павал Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля. Украінская ўлада кваліфікуе гібель журналіста як наўмыснае забойства.