Македонія атрымае новую назву
У папярэднім пагадненні Грэцыя абавязалася прызнаць суседнюю дзяржаву пад назвай Рэспубліка Паўночная Македонія. Дакумент уступіць у сілу, калі яго ўхваляць парламенты абедзвюх краін.
Афіны і Скоп'е ў нядзелю, 17 чэрвеня, падпісалі папярэдняе пагадненне, у якім Грэцыя абавязалася прызнаць суседнюю дзяржаву пад назвай Рэспубліка Паўночная Македонія, паведамляе dw.com.
Пагадненне ўступіць у сілу пасля таго, як яго ўхваляць парламенты абедзвюх краін. Акрамя таго, Македонія правядзе рэферэндум па пытанні аб перайменаванні. Падпісанне дакумента дазволіць Грэцыі і Македоніі "разам увайсці ў эпоху рэгіянальнай стабільнасці і росквіту", напісаў кіраўнік грэчаскага ўрада Алексіс Цыпрас у Twitter.
На думку прэм'ер-міністра Македоніі Зорана Заева, рашэнне грэцкага боку дазволіць захаваць этнічную і культурную ідэнтычнасць Македоніі.
Спрэчка вакол назвы дзяржавы Македонія пачалася ў 1991 годзе пасля абвяшчэння незалежнасці гэтай былой югаслаўскай рэспублікі. Прычына канфлікту палягае ў наяўнасці ў складзе Грэцыі вобласці Македонія.
Афіны асцерагаюцца, што ў выпадку замацавання назвы "Македонія" за суседняй краінай Скоп'е можа прад'явіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на грэцкую вобласць. З-за гэтага афіцыйнай назвай Македоніі ў ААН з 1993 года з'яўляецца словазлучэнне "былая югаслаўская рэспубліка Македонія", а Грэцыя блакуе ўступленне Скоп'е ў Еўрасаюз і НАТА.