Міністр працы ЗША сышоў у адстаўку пасля рэзкай крытыкі ў прэсе

Міністр працы ЗША Аляксандар Акоста абвясціў пра сваю адстаўку. Рашэнне стала вынікам рэзкай крытыкі міністра ў прэсе за тое, што калі быў пракурорам, ён мякка паставіўся да мільярдэра Джэфры Эпштэйна, абвінавачанага ў гвалтаванні непаўналетніх, піша Свабода.

zsha.jpg


Адстаўку прыняў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, пры гэтым высока ацаніўшы працу Акоста як міністра працы. Паведамленне аб адстаўцы Акоста было нечаканым, таму што днём раней Трамп выказваў міністру працы падтрымку.
Даўні эпізод у прафесійнай біяграфіі Акоста прыцягнуў увагу СМІ пасля таго як 6 ліпеня амерыканскі мультымільянер і фінансіст Джэфры Эпштэйн быў арыштаваны ў сувязі з абвінавачваннямі ў сексуальных злачынстваах. Супраць Эпштэйна былі вылучаныя таксама абвінавачванні ў гандлі людзьмі.
У 2008 годзе Эпштэйну былі прад’яўленыя падобныя абвінавачванні ў Флорыдзе, дзе Акоста працаваў федэральным пракурорам. Справа тады завяршылася дасудовым пагадненнем пракуратуры і Эпштэйна. Яму давялося зарэгістравацца як сексуальнаму злачынцу, выплаціць кампенсацыю ахвярам і правесці 13 месяцаў у акруговай турме, хоць ён мог падчас зняволення выходзіць на працу 6 дзён на тыдзень.
Крытыкі міністра абвінавацілі яго ў тым, што пакаранне было мяккім для абвінавачанага. На прэс-канфэрэнцыі 11 ліпеня Акоста паспрабаваў растлумачыць, што гэта быў найбольш рэалістычны спосаб пакарання Эпштэйна, інакш багаты чалавек мог наогул пазбегнуць расплаты. Аднак тлумачэнні выклікалі новую хвалю крытыкі ў прэсе.