Начныя пытанні Мюнхенскай канферэнцыі

16-18 лютага праходзіла Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы (далей буду велічаць яе «МКБ»). Прэзідэнты, прэм'еры, міністры і топ-эксперты абмяркоўвалі шэраг вострых праблем: кібернетычныя пагрозы, будучыню NATO, палітыку Трампа, Брэксіт, сірыйскі канфлікт, Украіну і інш.

securityconference.de

securityconference.de

У суветных СМІ найбольш увагі прыцягнула слоўная перапалка паміж прэм'ер-міністрам Ізраіля і міністрам замежных спраў Ірана. У беларускай медыяпрасторы, мяркую, неўзабаве пачнецца абмеркаванне спатканняў, жэстаў і слоў Уладзіміра Макея, шэфa айчыннага МЗС. Я ж хацеў бы сказаць пару слоў па «неайчыннай» тэме: лёс «ліберальнага парадку». Выглядае на тое, што на мюнхенскіх спатканнях яна стала амаль дзяжурнай тэмай, прынамсі з таго часу, калі Пуцін у 2007 годзе даў зразумець, што «русский мир» і «заходні ліберальны парадак» — рэчы несумяшчальныя.
Без гэтай тэмы не абышлася і сёлетняя МКБ. Тэма начной сесіі першага дня канферэнцыі была сфармулявана так: «Ліберальны міжнародны парадак пад пагрозай?» Хоць мне прыйшлося прапусціць лайв-стрымінг дыскусіі (жонка павяла спаць), то ўсё ж сутнасць заяўленай тэмы можна ўлавіць на базе леташняга і сёлетняга рапартаў, што былі выдадзены МКБ.
У леташнім рапарце, азагалоўленым з дапамогай трох "пост-": «Пост-праўда, пост-Захад, пост-парадак?» скразной была канстатацыя, што свет стаіць на парозе «не-ліберальнай часіны» (illiberal moment). Ва ўступным слове Вольфганг Ішынгер, старшыня МКБ, з горыччу адзначаў, што назіраем кансалідацыю «непрыяцеляў адкрытага грамадства». Тэма «неліберальнай часіны» займае таксама шмат месца і ў сёлетнім рапарце. Спасылаючыся на «Freedom House», рапарт канстатуе, што «ў 2017 годзе палітычныя правы і грамадзянскія свабоды па ўсім свеце дасягнулі найніжэйшага пункту за ўсю дэкаду».
У гэтым жа рапарце знаходзім таксама цікавую дыягностыку праблемы: «Трамп і яму падобныя лідары ў іншых частках Захаду прасоўваюць неліберальнае разуменне заходняй цывілізацыі, заснаванае на гісторыі, культуры і рэлігіі, а не на ліберальных каштоўнасцях і дэмакратычных дасягненнях» (старонка 8). Што ж, цікава было даведацца, што адной з праблемай «неліберальнага разумення» ёсць тое, што яно не абапіраецца на ліберальныя каштоўнасці. Гэта тое самае, што сказаць, што адна з праблем неразумнага чалавека палягае ў тым, што ён не з'яўляецца разумным. Таўталогія нейкая.
Але апрача таўталогіі ёсць у гэтым выказванні і нешта акрэсленае, а менавіта: «неліберальнасць» палягае ў звароце да гісторыі, культуры і рэлігіі. З шырэйшага кантэксту даведваемся, што таксама стаўка на нацыянальныя каштоўнасці ўяўляе з сябе пагрозу для «ліберальнага парадку». Застаецца і больш звычаёвы вораг ліберальнага парадку, які мянуецца словам «папулізм».
Еўрапейскія эліты маюць рацыю, што разбіццё «ліберальнага парадку» тоіць у сабе рознага роду рызыкі, але іхнія гнеўныя выступы супраць «гісторыі, культуры і рэлігіі» тут наўрад ці з'яўляюцца адэкватнай рэакцыяй.
«Папулізм» — улюбёная этыкетка абаронцаў ліберальнага статус кво — ані не з'яўляецца адпаведнай для апісання наяўнай сітуацыі, ані не спрыяе ўзважанай і цвярозай яе ацэнцы. У мяшок пад назвай «папулізм» трапляе фактычна ўсё, што не ўпісваецца ў ідэалагічны мэйнстрым: крайне правыя рухі, памяркоўныя прыхільнікі ўзмацнення нацыянальнага суверэнітэту, прыхільнікі выхаду з ЕЗ, прыхільнікі выхаду з еўразоны, праціўнікі глабалізацыі, прыхільнікі аўтарытарнага кіравання, праціўнікі прымання мігрантаў, крытыкі рынкавай эканомікі, крытыкі ідэалогіі LGBT (спіс няпоўны).
Ніхто не кажа, што ўсе гэтыя рухі і опцыі раўнацэнныя, аднак няма сэнсу іх усіх збываць этыкеткай «папулізм». Па-першае, патрэбен больш нюансаваны і менш прадузяты аналіз гэтых з'яваў, а па-другое, трэба адважна і аснавасяжна перагледзець т.зв. ліберальны парадак. Бо не ўсё, што прынята абазначаць як «ліберальны парадак», сцвярджае чалавечую свабоду, і не ўсё, што прынята клеймаваць як «папулізм», з'яўляецца пагрозай для гэтай свабоды.