New Republic: Я паверу ў пуцінскую «дээскалацыю», калі ўбачу яе на свае вочы
Уладзімір Пуцін зноў застаў свет знянацку, папрасіўшы ўсходнеўкраінскіх сепаратыстаў адкласці запланаваны на 11 мая рэферэндум і заявіўшы аб пачатку адводу расейскіх войскаў ад межаў з Украінай. «Але не спяшайцеся адключаць у Google апавяшчэнне аб навінах па тэгу «Україна»: гэтая сага яшчэ не скончана і яна не стала менш заблытанай», — піша старшы рэдактар New Republic Юлія Йоффе.
Па-першае, па дадзеных афіцыйных асоб ЗША, Расія пакуль ніякіх войскаў не адводзіла. Па-другое, Пуцін не запатрабаваў адкласці рэферэндум, а проста папрасіў. Пакуль незразумела, ці паслухаюцца яго палявыя камандзіры сепаратыстаў.
Пуцін асабліва не хавае прычыну для пераносу рэферэндуму: Усходняя Украіна — гэта не Крым, па дадзеных сацапытанняў, толькі 30% падтрымліваюць далучэнне да Расіі, гаворыцца ў артыкуле.
На думку Йоффе, паваротным пунктам таксама сталі трагічныя падзеі ў Адэсе. «Пуцін так добра дэстабілізаваў сітуацыю ва Украіне, што краіна цяпер скочваецца да грамадзянскай вайны, пакуль розныя ўкраінскія групоўкі ваююць адзін з адным, як на вуліцах Адэсы. Пуцін, верагодна, на гэта не разлічваў і, яшчэ больш верагодна, што грамадзянская вайна ля межаў — гэта апошняе, чаго б яму хацелася», — гаворыцца ў артыкуле.
На думку журналісткі, сваю ролю ў рашэнні Пуціна мог згуляць Крым: «Гэта яшчэ не прыжыўшыся імплантат у целе расійскай дзяржавы, якім неабходна займацца і інкарпараваць яго ў краіну». Не варта забывацца і на унутраныя праблемы. Расійская эканоміка знаходзіцца не ў лепшай форме, а паводле некаторых ацэнак, ужо ўвайшла ў рэцэсію. Да таго ж, як прадказвае Глеб Паўлоўскі, паліткансультант і некалі дарадца Пуціна, у хуткім часе пачнуць раздавацца незадаволеныя галасы крамлёўскіх «ястрабаў»: «Мы атрымалі санкцыі з-за Пуціна, але дзеля чаго? Дзе Данбас?»
Магчыма, такім чынам расійскі прэзідэнт адыходзіць ад краю ў некантралюемай сітуацыі, але вельмі верагодна і тое, што Пуцін бляфуе. «Гэта падманны манеўр з боку Пуціна, — упэўнены Аляксандэр Клімент, аналітык Eurasia Group. — Ён перашкаджае Захаду ўвесці новыя санкцыі, але ўсё ключавыя кропкі рознагалосся застаюцца на месцы, як і ўсе пуцінскія інструменты для ўплыву на сітуацыю так, як ён хоча».
Йоффе робіць выснову: «Калі нават гэта сапраўдная і доўгая дээскалацыя з боку Расіі — і калі яна наогул здольная разрадзіць абстаноўку пасля ўсяго, што зрабіла ў апошнія тыдні, — я паверу ў яе толькі тады, калі ўбачу яе на свае вочы».
Паводле inopressa.ru