ПАР хоча спыніць продаж на аўкцыёне ключа ад камеры Мандэлы

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка прыме меры, каб не дапусціць аўкцыён па продажы ключа ад турэмнай камеры, у якой сядзеў Нэльсан Мандэла, заявіў міністр культуры краіны. Таргі Guernsey's прызначаныя на 28 студзеня.

Ключ ад камеры турмы на востраве Робен, у якой сядзеў Нэльсан Мандэла

Ключ ад камеры турмы на востраве Робен, у якой сядзеў Нэльсан Мандэла

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (ПАР) выступіла супраць продажу на аўкцыёне ключа ад турэмнай камеры, у якой адбываў пакаранне першы чарнаскуры прэзідэнт у гісторыі краіны . 

«Ключ неадкладна павінен быць вернуты яго законным уладальнікам, а аўкцыён — спынены», — заявіў у пятніцу 24 снежня міністр культуры ПАР Наці Мтэтва.

Улады ПАР абяцаюць распачаць «адпаведныя меры», каб вярнуць ключ у краіну, дадаў ён. Мтэтва адзначыў сімвалічнае значэнне гэтага прадмета для «балючай гісторыі» рэспублікі. 

«Гэты ключ належыць народу Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і дзяржаве, гэта не асабістая ўласнасць якой-небудзь асобы», — падкрэсліў міністр.

Аўкцыён па продажы ключа ад камеры Мандэлы прызначаны на 28 студзеня

Ключ ад камеры Мандэлы выстаўлены на продаж аўкцыённым домам Guernsey's, таргі прызначаныя на 28 студзеня ў Нью-Ёрку. У паведамленні Guernsey's гаворыцца, што экспанат выстаўлены на продаж турэмным наглядчыкам Мандэлы Крыста Брандам.

Нэльсан Мандэла быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення ў 1964 годзе, большую частку якога ён правёў у турме на востраве Робен. У 1990 годзе змагара з апартэідам вызвалілі, а праз чатыры гады ён стаў першым чарнаскурым прэзідэнтам ПАР і заставаўся на гэтай пасадзе да 1999 года. Мандэла памёр у 2013 годзе ва ўзросце 95 гадоў.

Паводле www.dw.com