Паўночная Карэя чацвёрты раз за тыдзень запусціла балістычныя ракеты

Паўночная Карэя працягвае ўзмацняць напружанасць на Карэйскім паўвостраве. На гэтым тыдні Пхеньян ужо чатыры разы запускаў балістычныя ракеты ў бок мора.

rodong_oct10_military_parade_new_11_axle_tel_icbm_1255x670_1_935x500.jpeg


Паўночная Карэя сёння выпусціла дзве балістычныя ракеты малой далёкасці ў бок мора ля ўсходняга ўзбярэжжа, паведамілі вайскоўцы Паўднёвай Карэі. Гэта чацвёрты запуск ракет за тыдзень.
Верагодней за ўсё, так афіцыйны Пхеньян рэагуе на трохбаковыя супрацьлодкавыя вучэнні, якія правялі на гэтым тыдні ваенна-марскія сілы Паўднёвай Карэі, Злучаных Штатаў і Японіі, а таксама на візіт у гэты рэгіён віцэ-прэзідэнткі ЗША Камалы Харыс.
Дзве ракеты малой далёкасці былі запушчаныя з Сунана, на поўнач ад сталіцы Паўночнай Карэі Пхеньяна, гаворыцца ў заяве Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі. Берагавая ахова Японіі паведаміла прынамсі пра два меркаваныя выпрабаванні Пхеньянам балістычных ракет. Ракеты праляцелі 400 км і 350 км, дасягнуўшы вышыні 50 км, паведаміў міністр абароны Японіі Ташыра Іна. Ён дадаў, што ракеты, ляцелі па «няправільнай траекторыі», прызначанай для абыходу супрацьракетнай абароны. Токіа падаў пратэст супраць Паўночнай Карэі па дыпламатычных каналах.
Інда-Ціхаакіянскае камандаванне ЗША заявіла, што яму вядома пра запускі балістычных ракет. На думку амерыканцаў, яны не ўяўляюць непасрэднай пагрозы для персаналу і тэрыторыі ЗША або іх саюзнікаў.
Пхеньян таксама правёў першае выпрабаванне міжкантынентальнай балістычнай ракеты ў 2017 годзе.
Аналітыкі разглядаюць узрослыя тэмпы выпрабаванняў як спробу стварыць дзейную зброю, а таксама скарыстацца тым, што свет адцягнуў увагу на вайну ва Украіне і іншыя крызісы.
«Нягледзячы на ўнутраныя слабасці Паўночнай Карэі і міжнародную ізаляцыю, яна хутка мадэрнізуе зброю і выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах свет, падзелены суперніцтвам ЗША і Кітая і анексіяй Расіяй часткі ўкраінскай тэрыторыі», — сказаў агенцтву «Reuters» Лейф-Эрык Іслі, прафесар міжнароднай палітыкі ва ўніверсітэце Іхва ў Сеуле.
Міністэрства абароны Японіі заявіла ў ліпеньскім дакладзе, што Паўночная Карэя запускае ракеты малой далёкасці, якія ляцяць нізка і па нерэгулярных траекторыях. Гэтыя запускі, верагодна, прызначаныя для павышэння эфектыўнасці вядзення баявых дзеянняў.
Адзначаючы 74-ты Дзень Узброеных Сіл Паўднёвай Карэі, прэзідэнт Юн асудзіў «нядаўнія ваенныя правакацыі» Паўночнай Карэі і паабяцаў узмацніць сумесныя ваенныя вучэнні са Злучанымі Штатамі.
«У далейшым урад яшчэ больш узмоцніць сумесныя вучэнні Паўднёвай Карэі і ЗША, будзе рашуча рэагаваць на паўночнакарэйскія правакацыі і пагрозы, дэманструючы ім "Альянс у дзеянні"», — сказаў Юн у выступленні на нацыянальным тэлебачанні.
Савет Бяспекі ААН увёў санкцыі супраць поўначы за яго выпрабаванні балістычных ракет і ядзернай зброі. Пхеньян адкідае такія крокі як замах на яго суверэннае права на самаабарону і асваенне космасу.