Піраты Азоўскага мора. Яшчэ адна прэлюдыя да ўварвання ва Украіну
Гэты дзень увайшоў у гісторыю XXI стагоддзя збітым цывільным самалётам малайзійскіх авіяліній — акт паветранага пірацтва, здзейсненага Расіяй. На фоне жудаснай катастрофы атака ўкраінскага карабля, што адбылася роўна за год да збіцця «Boeing», значна зацямнілася. Сёння не застаецца сумневаў — гэта была сур’ёзная прэлюдыя да анексіі ўкраінскіх тэрыторый.
17 ліпеня 2013 года расійскія памежнікі наўмысна пратаранілі ўкраінскі рыбацкі баркас, у выніку чаго чацвёра маракоў, што знаходзіліся на маленечкім судне, загінулі. Згодна з паказаннямі адзінага выжылага чальца экіпажу Аляксандра Федаровіча, расійскі памежны кацер «Мустанг» двойчы падрэзаў баркас з намерам наўпрост пераехаць яго вагой буйнога борта. Пасля першых нападаў баркас быў пашкоджаны і пачаў запаўняцца вадой, а на трэці расійцы абышлі яго ззаду, развярнуліся і пайшлі ў лоб на таран. Судна было знішчана, а рыбакі забітыя — ні за што.г
Расійскі бок апісваў падзеі наступным чынам:
«Украінскія рыбакі загінулі з-за ўласных неабдуманых дзеянняў, калі спрабавалі адарвацца ад кацера расійскіх памежнікаў. Украінскі баркас рэзка змяніў курс і пачаў рухацца ў бок пераследнікаў, не выконваючы міжнародныя правілы недапушчэння сутыкнення караблёў у моры. Расійскія памежнікі спрабавалі сысці ад сутыкнення, але ўкраінскі баркас урэзаўся ў борт кацера, пасля чаго той перакуліўся».
Гэта не можа адпавядаць рэчаіснасці з прычыны таго, што рыбакі знаходзіліся на звычайнай пластыкавай лодцы з рухавіком, а расійскія памежнікі — на патрульным кацеры «Мангуст» даўжынёй амаль 20 метращ і бортам вышынёй 2,2 метры з алюмініева-магніевага сплаву. Баркас фізічна не мог пратараніць кацер.
Паводле Федаровіча, памежнікі таксама пачалі страляць па рыбаках. Ёсць падазрэнні, што як мінімум адзін з украінцаў загінуў не ад сутыкнення з расійскім суднам, а ад кулі. Адпаведны напад быў здзейснены па-за межамі расійскіх тэрытарыяльных вод. Па словах яго ахвяры, памежнікі былі апранутыя не ў службовую форму, а ў шорты і цішоткі, а таксама «працавалі» з усмешкамі і смехам — як сапраўдныя піраты.
Калі двое рыбакоў былі яшчэ жывыя і Аляксандр прасіў іх выратаваць, расійцы адмовіліся эвакуіраваць іх. Яны свядома не аказалі дапамогу, што супярэчыць як міжнародна-прававым актам, так і расійскаму заканадаўству.
Маракі не парушалі дзяржаўную мяжу Расіі і не заходзілі ў яе тэрытарыяльныя воды. Заключэнне Міністэрства Юстыцыі пацвярджае, што рыбакі, знаходзячыся ў Азоўскім моры, мелі на гэта поўнае права.
«Мы знаходзіліся прыкладна ў 30-35 км ад украінскага ўзбярэжжа. Усе ведаюць, што такой мяжы не існуе. Мора сумесна выкарыстоўваюць Украіна і Расія. Раней казалі, што тэрыторыя іншай краіны пачынаецца за 4 км ад узбярэжжа, так і з нашага боку», — казаў «Дню» спадар Федаровіч, знаходзячыся ў расійскім палоне.
Украінска-расійская дагаворная база, на аснове пагаднення 2003 года, разглядае Азоўскае мора як агульнае для абедзвюх краін. Раней украінскі бок неаднаразова ставіў пытанне аб заключэнні пагаднення аб дэлімітацыі марской мяжы паміж краінамі на аснове міжрэспубліканскай адміністрацыйнай мяжы Украінскай ССР і РСФСР, аднак Расія ад заклікаў адмаўлялася.
Такім чынам, у прыбярэжнай паласе, працягласць якой усталявана паказчыкам у 4 км ад узбярэжжа, дзе дзейнічае расійская юрысдыкцыя, украінцы не знаходзіліся. Іншай марской мяжы не існавала праз адмовы Расіі ад тэрытарыяльнага дзялення Азоўскага мора. На гэтай падставе міністэрства заявіла:
«...інцыдэнт варта разглядаць як такі, што адбыўся не ў межах тэрытарыяльнага мора Расійскай Федэрацыі і адміністрацыйных межаў яе памежнага кантролю, гэта значыць не на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. І, як вынік, фактаў учынення крымінальнага дзеяння на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі няма».
Гэта не толькі факт беспадстаўнасці затрымання ўкраінцаў, якое нібыта праводзілася 17 ліпеня са слоў расійскіх афіцыйных асоб. Гэта і сведчанне таго, што расійскія памежнікі здзейснілі пірацкую атаку па-за межамі сваёй юрысдыкцыі, забіўшы грамадзян Украіны і ўзяўшы ў закладнікі выжылага Аляксандра Федаровіча.
Рэжыму Януковіча, які займаў выгадную расійскаму боку пазіцыю ў спрэчных канфліктных сітуацыях, гэтых доказаў не хапіла. У той час, як расійцы забілі данецкіх рыбакоў і ўтрымлівалі ў палоне нявіннага цывільнага грамадзяніна Украіны, улады святкавалі «сумеснае свята» з расійскім ваенна-марскім флотам. Нягледзячы на тое, што праз тры месяцы расійскі следчы адмовіўся задаволіць хадайніцтва адваката аб спыненні крымінальнай справы і вяртанні рыбака Аляксандра Федаровіча на радзіму, Януковіч не ўспомніў пра патрабаванні да Расіі актывізаваць працэс дэлімітацыі акваторыі Азоўскага мора, адсутнасць якога ў значнай ступені стала прычынай трагедыі. Федаровічу пагражала зняволенне — расійскія следчыя скляпалі на яго крымінальную справу з прычыны нібыта незаконнай здабычы рыбы.
Абвінавачванне супярэчыла дзеючым нарматыўным актам, падпісаным паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй. У прыватнасці, гэта пагадненне аб сумесным выкарыстанні Азоўскага мора і Керчанскага праліва. Гэта таксама супярэчыць нарматыўным актам РФ. Калі ў цяперашні час няма размежавання Азоўскага мора, то якія б дзеянні грамадзяне ні здзейснілі на дэмаркаванай тэрыторыі, яны не падлягаюць пакаранню ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам.
Хаця ігнараванне міжнародных прававых нормаў расійскім бокам і беспадстаўнае ўтрыманне грамадзяніна Украіны фактычна ў якасці закладніка былі відавочным фактам, тагачаснае ўкраінскае кіраўніцтва не выказвала намеру звяртацца ў міжнародныя судовыя інстанцыі. Аляксандр Федаровіч быў вызвалены з расійскага палону толькі ў лістападзе 2013 года дзякуючы карпатлівым намаганням генеральнага амбасадара Украіны ў Растове-на-Доне Віталю Маскаленка.
Гісторыя з забойствам данецкіх рыбакоў яшчэ раз прадэманстравала няздольнасць рэжыму Януковіча ў асобе вышэйшых службовых асобаў абараніць грамадзян Украіны і адстойваць нацыянальныя інтарэсы ў адносінах з Расіяй. Замест гэтага Масква працягвала выкарыстоўваць неўрэгуляванасць Азоўскага мора і Керчанскага праліва для правакацый, у прыватнасці палітычных, якія ў будучыні перараслі ў акупацыю Крыма і поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну.
Інцыдэнт 17 ліпеня 2013 года — ні што іншае як вынік усёдазволенасці Расіі, які прынёс свой плён меней чым праз год.