Польшча. У падручнік для першаклаcнікаў вернута Божае нараджэнне
Польскіх епіскапаў усцешыла інфармацыя, што міністэрства адукацыі вярнула назву Божае нараджэнне ў бясплатны падручнік для першакласнікаў. Бясплатны падручнік знаходзіцца на дапрацоўцы.
Аб гэтым паведамляе Бюро праграмавання катэхізісу. Аўтары ўнеслі назву калядных святаў у падручнік пасля паведамленняў ад бацькоў. Да гэтага часу ў раздзеле “Святочныя пакупкі” ішла гаворка пра святы, але ніводзін раз не было напісана, якія гэта святы.
— Мы абсалютна не згаджаемся, што гэта нейкая ідэалагічная рэлігійная апрацоўка, — адзначае доктар Анэта Райзахер-Маеўска з Бюро праграмавання катэхізісу.
А. Райзахэр-Маеўска:
— Важная вернасць нашай культурнай спадчыне. Нашая культура паходзіць ад хрысціянства, таму павінна быць Божае нараджэнне ў польскіх падручніках. Адсутнасць згадкі пра калядныя святы можна зразумець як жаданне падабацца заходнім асяроддзям, дзе даўно ўжо кажуць пра зімовыя або вясеннія (велікодныя) святы, без згадвання пра тое, якія гэта святы, што яны носяць рэлігійны характар.
Поспех ёсць, але не да канца ён задавальняе польскі касцёл. У падручніку ўжо гаворыцца пра святы Божага нараджэння, але вельмі агульна, завуаляваным чынам.
А. Райзахэр-Маеўска:
— Божае нараджэнне паяўляецца ў падручніку, але толькі ў такім пытанні: “Ці ўсе адзначаюць Божае нараджэнне?”. На так пастаўленае пытанне можна адказаць толькі коратка — так або не. Няма падрабязнай інфармацыі пра калядныя святы, няма абмеркавання тэмы або прапановы яе абмеркаваць. Ёсць таксама іншае пытанне — раскажыце пра самыя важныя святы, якія адзначаюцца ў вашых сем’ях. Зразумела, што дзеці раскажуць пра дзень нараджэння, імяніны, дзень бабулі, дзядулі, дзіцяці. Напэўна не ўсе згадаюць пра Божае нараджэнне як самае важнае свята.
Міністэрства адукацыі тлумачыць гэта тым, што працягваецца грамадскае абмеркаванне падручніка, аўтары збіраюць заўвагі, і калі з імі згаджаюцца, то ўносяць іх у кнігу.
У новым навучальным годзе вучні першых класаў атрымаюць падручнікі бясплатна. Але бацькі павінны памятаць, каб купіць падручнік па рэлігіі або этыцы. За гэтыя кніжкі ўрад не заплаціць, — нагадвае наш госць.
А. Райзахэр-Маеўска:
— Да нас звяртаюцца часам бацькі, якія ведаюць, чулі, што ў гэтым годзе не трэба купляць падручнікі для першакласнікаў. Яны пытаюцца, ці зусім не трэба купляць ніякіх падручнікаў. Мы адказваем, што падручнікі па рэлігіі не ўваходзяць у склад пакету бясплатных кніжак, за іх адказвае касцёл. І гэтыя падручнікі бацькі купляюць асобна, незалежна ад падручніка, за які плаціць міністэрства.
Палякі мяркуюць, што дзеці ў школе павінны вывучаць рэлігію. Апошняе апытанне Цэнтра даследавання грамадскай думкі (CBOS) паказала, што 72% апытаных згаджаюцца, каб дзеці ў школе мелі ўрокі рэлігіі.
***
Больш чым палова палякаў мяркуе, што дактары не павінны адмаўляцца выконваць некаторыя працэдуры, нават калі ім не дазваляе гэта рабіць уласнае сумленне. Гаворка ідзе ў асноўным пра спыненне цяжарнасці, а таксама некаторыя іншыя працэдуры. Некаторыя польскія лекары падпісалі гэтак званую Дэкларацыю сумлення і адмаўляюцца рабіць аборты, нават у тых нешматлікіх выпадках, калі законы гэта дазваляюць.
59% апытаных заявіла, што лекар не павінен адмаўляць у скіраванні пары на экстракарпаральнае апладненне, калі ёсць медычныя паказанні, нават калі гэта супярэчыць ягоным поглядам.
На пытанне, ці супрацоўнік аптэкі можа адмовіцца выдаць кантрацэптывы, абсалютная большасць (3/4) апытаных адказала, што ён не павінен у гэтым выпадку кіравацца ўласным сумленнем. У сваю чаргу 37% заявіла, што лекар не павінен адмаўляць у выдачы рэцэпту на гэтыя сродкі, нават калі ён мяркуе, што жанчыны не павінны ўжываць такія прэпараты.
***
Біскупы на Філіпінах выступаюць рашуча супраць вяртання смяротнага пакарання ў краіне. У адмысловым звароце яны падкрэсліваюць, што з аднаго боку Езус прынёс свету Евангелле жыцця, а з другога — адзначаюць, што справядлівасць заключаецца не ў тым, каб забіць віноўнага, а ў тым, каб вярнуць яго ў грамадскае жыццё.
Ерархі касцёла пішуць, што забойства злачынцы не адказвае аніводнаму з гэтых пастулатаў. Яны таксама нагадалі, што дэбаты пра вяртанне да смяротнага пакарання, якія ідуць цяпер на Філіпінах, парушаюць канвенцыю ААН, якую падпісала дзяржава. Згодна гэтаму дакументу, Філіпіны абавязаліся поўнасцю адмовіцца ад вышэйшай меры пакарання.