Польскія шахцёры заблакавалі цягнікі, якія вязуць расійскі вугаль на поўнач Польшчы
Такім чынам яны пратэстуюць супраць імпарту больш таннага вугалю, чым здабываецца польскімі шахтамі, паведамляе echo.msk.ru.
Кіраўнік прафсаюза «Салідарнасць» у вуглездабывальным рэгіёне «Сласка-Даброўскі» сказаў агенцтву "Reuters", што шахцёры могуць блакаваць пастаўкі да таго часу, пакуль прадстаўнікі ўрада не выслухаюць іх патрабаванні.
У Польшчы вугаль выкарыстоўваецца для генерацыі прыкладна 90% электраэнергіі.
У сярэдзіне жніўня прадстаўнікі польскай партыі «Права і справядлівасць" (ПіС) звярнуліся да прэм'ер-міністра Дональда Туска з просьбай патлумачыць, чаму Польшча не ўводзіць эмбарга на расійскі вугаль, адзначае rbc.ru.
«Сёння ў польскіх партах ляжаць тоны расійскага вугалю. Мы чулі пра праблемы польскіх шахт, мы чулі пра перамовы Туска з шахцёрамі, але не чулі, што прэм'ер-міністр Дональд Туск і віцэ-прэм'ер Януш Пехачыньскі наклалі эмбарга на расійскі вугаль», — заявіў дэпутат Анджэй Яворскі.
ПіС сцвярджае, што ўвядзенне эмбарга на пастаўкі расійскага вугалю можа палепшыць сітуацыю ў польскай горназдабываючай прамысловасці і абараніць яе ад крызісу.