Расея закрыла тры раёны Чорнага мора каля Крыму для замежных суднаў
Расейцы ўвялі абмежаванне да 31 кастрычніка.
Улады Расеі абвясцілі аб закрыцці трох раёнаў Чорнага мора для замежных вайсковых караблёў і дзяржаўных суднаў, паведамляе РИА Новости са спасылкай на Ўправу навігацыі і акіянаграфіі расейскага Міністэрства абароны.
Усе тры закрытыя раёны належаць акваторыі ўздоўж узбярэжжа анексаванага Крыму: будзе закрыты доступ на ўчастак акваторыі паміж Севастопалем і Гурзуфам, да раёну ля берагоў Керчанскай паўвыспы на траверзе Опускага прыроднага запаведніка і да невялікага ўчастку каля заходняй ускраіны паўвыспы.
Абмежаванне будзе дзейнічаць да 21.00 31 кастрычніка. У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ўсе тры зоны «размешчаны ў межах тэрытарыяльных водаў Расеі», а іх закрыццё ня будзе замінаць суднаходству праз Керчанскую пратоку.
Раней Расея тлумачыла закрыццё некалькіх раёнаў Чорнага мора правядзеннем вайсковых вучэнняў. МЗС Украіны выказаў пратэст з нагоды расейскіх манеўраў. Дзярждэпартамент ЗША назваў іх спробай эскалацыі кампаніі па дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне. Еўразвяз і NATO заклікалі Расею забяспечыць свабоду суднаходства і свабодны доступ у парты Украіны ў Азоўскім моры.
22 красавіка расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу заявіў, што да 1 траўня войскі вернуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі. 24 красавіка Пентагон заявіў, што заўчасна даваць веры расейскім абяцаннем аб адводзе войскаў, прадстаўнік амерыканскага Міністэрства абароны падкрэсліў, што ў Вашынгтоне вельмі пільна сочаць за ўсімі падзеямі ў Чорным моры.
Радыё Свабода