Расія. Путчысты — сучасныя дзекабрысты?
Успаміны пра няўдалую спробу дзяржаўнага перавароту 19 жніўня 1991-га выявілі татальную любоў сучасных расіян да путчыстаў.

Фота forbes.kz
Нават на ліберальных радыёстанцыях, паводле апытанняў слухачоў, хапае тых, хто сімпатызуе Янаеву, Кручкову і іншым арганізатарам той акцыі.
Безумоўна, асноўны матыў сімпатызантаў — настальгія па СССР. Адначасова высоўваюцца ідэі рэабілітацыі ГКЧП. Прапануецца перайменаваць у гонар путчыстаў вуліцы, тлумачыць у падручніках тое, што сябрамі Камітэту рухалі высакародныя ідэі выратавання краіны і г.д.
Але далей за ўсё пайшлі на сайтах прыхільнікаў Эдуарда Лімонава. На думку нацыянал-бальшавікоў, учынак путчыстаў нагадвае выступ дзекабрыстаў.
Аднак, на думку экспертаў, такія ініцыятывы не будуць мець працягу нават з улікам цяперашняй патрыятычнай істэрыі ў Расіі. Справа ў тым, што ўзняцца так высока Уладзімір Пуцін змог выключна дзякуючы людзям, якія прыйшлі да ўлады пасля правалу ГКЧП.

Паводле расійскай прэсы