Расія. Чавес быў этнічным рускім

З такой арыгінальнай ідэяй выступіў на старонках расійскай прэсы Аляксандр Шумскі — святар Рускай праваслаўнай царквы, сябра Саюзу пісьменнікаў Расіі. Па яго словах, у крыві нябожчыка Уга абавязкова павінна цячы руская кроў, паколькі ён меў асаблівую рысу рускага характару.



5907_4850.jpg

Гэтай рысай, якой манапольна валодаюць рускія, па словах Шумскага, з’яўляецца дабрыня, спагадлівасць. У якасці доказу ён прыводзіць просьбы вернікаў яго прыходу памаліцца за былога венесуэльскага прэзідэнта. Шмат хто з іх казаў Аляксандру, што ўспрымае Чавеса як рускага чалавека, паколькі ён дапамагаў бедным і добра ставіўся да Расіі.

Публікацыя опусу Шумскага выклікала цікавую рэакцыю на расійскіх нацыяналістычных сайтах. Некаторыя адразу ўзгадалі, што Энрыке Капрылес — кандыдат венесуэльскай апазіцыі на пасаду прэзідэнта — паходзіць з габрэйскай сям’і. Такім чынам, супрацьстаянне «Чавес — апазіцыя» можна, на іх думку, разглядаць як фрагмент вечнай вайны сапраўдных рускіх людзей у асобе Чавеса з габрэямі і масонамі. Вось такая вар’яцкая канцэпцыя. Застаецца толькі здагадвацца, што б сказаў пра ідэю Шумскага сам Чавес, які пры жыцці быў фанатычным каталіком.

Паводле расійскай прэсы