Расійскім чыноўнікам хочуць забараніць мець сваякоў за мяжой

Дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» рыхтуе адпаведныя папраўкі ў заканадаўства.



ru_passport.jpg

Забараніць браць на дзяржаўную службу тых, у каго ёсць блізкія сваякі, якія жывуць за мяжой, прапанаваў кіраўнік камітэта эканамічнай палітыкі і прадпрымальніцтва Дзярждумы Яўгеній Фёдараў.
Змены дэпутат прапанаваў унесці ў некаторыя нарматыўна-прававыя акты, у прыватнасці, у закон «Аб асновах дзяржаўнай службы РФ». Сваю ініцыятыву ён патлумачыў тым, што чыноўнікі, у якіх ёсць сваякі за мяжой, больш уразлівыя да ціску з боку іншых краін.
У якасці прыкладу аўтар ініцыятывы прывёў арышт на Мальдывах амерыканскімі спецслужбамі сына дэпутата Дзярждумы ад ЛДПР Валерыя Селязнёва, што ў Маскве расцанілі як выкраданне. Дэпутат назваў тое, што здарылася спосабам шантажу.
«З дэпутатаў Дзярждумы з тымі ці іншымі формамі ціску сутыкнуліся блізу 80 адсоткаў. У 95 адсотках выпадкаў ніхто пра гэта не даведаецца, паколькі ў публічнасці не зацікаўленая ніводная старана. Звычайна сямейніка чыноўніка арыштоўваюць, а яму паведамляюць, уступаюць з ім у дыялог, ён едзе сам або адпраўляе адвакатаў на перамовы. Падчас перамоў пачынаецца шантаж, адным з пунктаў якога можа стаць і здрада дзяржаўных інтарэсаў. Адбываецца абмен закладніка на пазіцыю чыноўніка. Таму ў працэсе кадравага адбору трэба ўлічваць замежных сваякоў як фактар уразлівасці», — заявіў парламентарый.
Паводле izvestia.ru