Распілаваная Свабода, рэвалюцыя ў футболе: тыдзень вачыма карыкатурыстаў

Вынікі выбараў у ЗША, змены ў еўрапейскім футболе і хто мусіць заняць месца Ангелы Меркель — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

1_140.jpg

У ЗША скончыліся прамежкавыя выбары, спадарожнікамі якіх былі бескампрамісная палітычная барацьба, бязлітасная палітычная рыторыка, безаглядны абмен «кампліментамі», узаемныя абвінавачванні, вострыя публікацыі ў прэсе. У выніку рэспубліканцы здолелі захаваць большасць у Сенаце, дэмакраты заваявалі большасць у Палаце прадстаўнікоў. Выніковую нічыю праілюстраваў мастак кітайскай газеты China Daily.


2_1_3.jpg

Па дадзеных маштабнага расследавання нямецкага аўтарытэтнага выдання Der Spiegel, шэраг вядучых футбольных клубаў Еўропы рыхтуюць рэвалюцыю — збіраюцца стварыць Суперлігу. Наяўнасць у суперлізе такіх кітоў як «Рэал», «Барселона», «Манчэстар Юнайтэд» і г.д. гарантуе велізарныя гешэфты. Новы праект не падабаецца не толькі функцыянерам УЕФА, але і заўзятарам. Відавочна, што суперліга панізіць статус нацыянальных чэмпіянатаў, а такія турніры, як ліга чэмпіёнаў, могуць знікнуць. Ідэю камерцыялізацыі футбола высмеяла нямецкая газета Welt, якая прапанавала суперлізе мяч з адпаведным дызайнам.


3_1_7.jpg

Хто зойме месца Ангелы Меркель у кіраўніцтве партыі Саюз хрысціянскіх дэмакратаў (CDU)? Гэта тэма найбольш абмяркоўваецца ў Германіі. І цікавасць немцаў зразумелая. Будучы лідарам CDU праз тры гады можна стаць новым канцлерам ФРГ. Журналісты падлічылі, што за пасаду кіраўніка партыі будуць змагацца аж 12 кандыдатаў. На думку карыкатурыста нямецкай газеты, кастынг на пераемніка Меркель павінен уключаць конкурс на тое, хто лепш зробіць рукамі выяву сэрца — фірмовы жэст лідаркі хадэкаў.

4_114.jpg

І зноў пра выбары ў ЗША. Яны сталі рэкорднымі па колькасці кандыдатак у губернатары, сенатары і члены палаты прадстаўнікоў. Больш за сотню жанчын дабіліся абрання ў ніжнюю палату парламента ЗША, як правіла, у шэрагах дэмакратаў. Каментуючы гэтую дынаміку аўстрыйскае выданне Kleine Zeitung прагназуе, што Трампа ў выніку задушыць жаночая рука.

5_1_6.jpg

11 лістапада адзначаецца стагоддзе заканчэння Першай сусветнай. Вайна сёння ўспрымаецца як велізарная гуманістычная трагедыя, аднак нават у тых умовах людзі прымудраліся смяяцца. Так, у Англіі мела велізарную папулярнасць серыя «Замалёўкі з жыцця Томі», якая іранічна адлюстроўвала вайсковы побыт. Прычым у адрозненне ад французаў ці немцаў, жарты якіх звычайна было накіраваны ў бок ворага, брытанцы былі не супраць пажартаваць над сабой. Вось адна з паштовак пра Томі. Подпіс пад малюнкам: «На базе навабранец неўзабаве даведваецца, што самая важная зброя, якой ён валодае, — яго складаны нож. Большасць будучых цяжкасцяў прыйдзецца пераадольваць менавіта з ім!».