Сірыйскія СПА збілі расейскі самалёт з 15 вайскоўцамі. Мінабароны РФ вінаваціць Ізраіль

Увечары 17 верасня над Міжземным морам у 35 кіламетрах ад узбярэжжа Сірыі знік Іл-20, на борце якога знаходзіліся 15 вайскоўцаў. Пазней стала вядома, што яго збілі войскі супрацьпаветранай абароны Сірыі, аднак Расея ўсклала віну на Ізраіль. Пра гэта паведамляе Белсат.

Іл-20 – савецкі вайсковы самалёт радыёэлектроннай выведкі і радыёэлектроннай барацьбы на базе пасажырскага Іл-18. Расея выкарыстоўвае яго да сёння. Фота – Kirill Naumenko / Airliners

Іл-20 – савецкі вайсковы самалёт радыёэлектроннай выведкі і радыёэлектроннай барацьбы на базе пасажырскага Іл-18. Расея выкарыстоўвае яго да сёння. Фота – Kirill Naumenko / Airliners

У Расейскім міністэрстве абароны паведамілі, што «адзнака Іл-20 на радарах кіравання авіяцыяй знікла падчас атакі чатырох ізраільскіх самалётаў F-16 па сірыйскіх аб’ектах у правінцыі Латакія».
«Інтэрфакс» падае, што камандаванне авіябазы Хмеймім праводзіць цяпер пошукава-выратавальную аперацыю.
CNN са спасылкай на крыніцы ўва ўрадзе ЗША паведаміла, што самалёт збіла сірыйская супрацьпаветраная артылерыя, адбіваючы ракетны абстрэл з боку Ізраіля. Іншая крыніца пацвердзіла тэлеканалу, што Ізраіль атакаваў тэрыторыю Сірыі ракетнымі ўдарамі.
Іл-20 – гэта савецкі ваенны самалёт радыёэлектроннай выведкі. Такія самалёты выраблялі ў СССР з 1968 па 1976 гг. Іл-20 эксплуатуецца ВПС Расеі ў нашыя дні. Цяпер, сярод іншага, ён абсталяваны сістэмай спадарожнікавай сувязі для перадачы дадзеных у рэжыме рэальнага часу.Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ Ігар Канашанкаў заявіў «Інтэрфаксу», што сірыйскія СПА збілі Іл-20 праз дзеянні ізраільскіх пілотаў. Паводле яго слоў, чатыры самалёты F-16 ВПС Ізраіля, якія вечарам 17 верасня бамбілі сірыйскі горад Латакія, «стварылі небяспечную сітуацыю для надводных караблёў і паветраных судоў, якія знаходзяцца ў гэтым раёне».
«Прыкрываючыся расейскім самалётам, ізраільскія лётчыкі падставілі яго пад агонь сродкаў СПА Сірыі. У выніку Іл-20, у якога адлюстравальная паверхня на парадак больш эфектыўная, чым F-16, быў збіты ракетай комплексу С-200», – сказаў Канашанкаў.
Мінабароны РФ расцэньвае дзеянні Ізраіля як «безадказныя», «правакацыйныя» і «варожыя». У ваенным ведамстве таксама заявілі, што пакідаюць за сабой «права на адэкватныя дзеянні ў адказ Ізраілю».
У амбасадзе Ізраіля ў Маскве сітуацыю пакуль не каментуюць.
З’явілася першая інфармацыя аб выніках пашукова-выратавальнай аперацыі: у 27 кіламетрах на захад ад Латакіі з вады паднялі фрагменты целаў вайскоўцаў і абломкі самалёта.