Славаччына прагаласавала за палітыка, які абяцае, што «не ўпусціць у краіну ніводнага мусульманіна»

Ранейшы прэм’ер-міністар Славаччыны Роберт Фіцо, левацэнтрысцкая нацыянальна-кансерватыўная партыя якога Smer-SD (Напрамак — сацыяльная дэмакратыя) атрымала больш за ўсё месцаў у новаабраным парламенце краіны, пачаў перамовы аб стварэнні новага ўраду. 



fico.jpg

Ён ужо заяўляў, што вынікі выбараў, па якіх у парламент праходзяць восем партый, «вельмі складаныя», і стварэнне кабінету зойме некаторы час. Яго партыя, паводле ацэнак, атрымлівае ў новым парламенце толькі 49 месцаў са 150 і запатрабуе кааліцыйных партнэраў, каб стварыць урад. У мінулым яна мела 83 месца і стварыла аднапартыйны ўрад. 
Другое і трэцяе месцы займаюць правацэнтрысцкая ліберальная партыя «Свабода і салідарнасць» (SaS) — 21 месца, паводле ацэнак, і кааліцыя двух таксама правацэнтрысцкіх кансерватыўных партый OĽaNO — Nova (Звычайныя людзі і незалежныя асобы — Новая) — 19 месцаў. У парламент пасля чатырохгадовага перапынку вярнулася правая нэанацысцкая Славацкая нацыянальная партыя (SNS), якая зойме, хутчэй за ўсё, 14 месцаў. 
Таксама ў Нацыянальны савет — аднапалатный парламент Славаччыны — праходзіць яшчэ адна правая нацыяналістычная сіла, Народная партыя — Наша Славаччына (ĽSNS). Акрамя таго, будуць прадстаўленыя: партыя «Мы — сям’я» (Sme Rodina) і цэнтрысцкая партыя вугорскай меншасці, найбуйнейшая ў Славаччыне, Most-Híd ( «Мост» славацкай і вугорскай мовамі). Новая партыя Sieť ( «Сетка»), якой перад выбарамі прагназавалі другое месца, апынулася ўнізе прахадной часткі партыйных спісаў, набраўшы крыху больш неабходных 5 працэнтаў галасоў.
Роберт Фіцо цвёрда выступае супраць палітыкі прымусовых квот на разьмеркаванне мігрантаў па краінах Еўрапейскага саюза, якую насаджае Брусэль. Ён, у прыватнасці, абяцаў, што «не ўпусціць у Славаччыну ніводнага мусульманіна». Але калі яму не ўдасца стварыць урад, разглядаецца таксама магчымасць стварэння кааліцыі правацэнтрысцкіх і правых палітычных сілаў. Славаччына ў ліпені на паўгоду займае старшынства ў Еўрасаюзе.
Паводле "Радыё Свабода"