Сусветныя цікавосткі: Канструктыўная імпарталогія

Паглядзелі, што адбываецца ў свеце, і ў гумарыстычнай форме расказваем, якія замежныя практыкі могуць быць імпартаваныя ў Сінявокую дзеля яшчэ большага замацавання нашай самай стабільнай у свеце стабільнасці.

Іншапланецяне і вайна

З Украіны паведамляюць, што неба над Кіевам літаральна кішыць неапазнанымі лятальнымі аб'ектамі (НЛА). Пра гэта гаворыцца ў новай справаздачы Галоўнай астранамічнай абсерваторыі НАН Украіны. Даследчыкі таксама кажуць, што тыя «талеркі» могуць перасоўвацца з хуткасцю да 53 000 км/гдзн.
Заявы ўкраінцаў ужо пракаментавалі ў ЦРУ (дарэчы, у Штатах афіцыйна прызналі існаванне НЛА). Пакуль амерыканцы асцярожныя ў ацэнках, мяркуючы, што «многія з гэтых так званых НЛА з'яўляюцца ваеннымі апаратамі, якія цяжка ідэнтыфікаваць». А вось для карыстальнікаў сацыяльных сетак існаванне НЛА ва ўкраінскім небе не выклікае сумневаў. Але пытанне: на чыім баку іншапланецяне ў вайне Расіі з Украінай?
А што нам з тых НЛА над Украінай? Галоўнае — быць пільнымі. Калі нейкая талерка заляціць у неба над РБ, можна будзе зрабіць важную заяву.

1_601.jpg


Экскрэменты на службу дзяржавы!

Цікавыя навіны з суседняй Літвы, дзе ўрад прыняў незвычайнае рашэнне: лічыць… аб’ём фекалій у вулічных прыбіральнях. Не хвалюйцеся, чыноўнікі не стануць лазіць па сарцірах. Плануецца стварыць інфармацыйную сістэму, якая будзе збіраць даныя аб вывазе з гэтых месцаў адходаў. Калі высветліцца, што адказныя за нужнікі занадта рэдка выклікаюць асенізатараў ці выклікаюць недастаткова вялікія машыны, іх чакаюць вялікія штрафы.
Увогуле, заняцца тэмай прыбіральняў Вільнюс прымусіў Еўрасаюз. На думку чальцоў Еўракамісіі, папулярныя ў літоўскай глыбінцы «вясковыя нужнікі» могуць шкодзіць навакольнаму асяроддзю, бо адходы ў іх не перапрацоўваюцца. Больш за тое, падобныя месцы небяспечныя: у Літве вядомы выпадкі гібелі людзей у вулічных туалетах з падгнілымі дошкамі.
У любым выпадку, як бачым, у суседзяў з'явілася новая крыніца збору штрафаў і, адпаведна, папаўнення бюджэту. Таму літоўскія напрацоўкі наконт штрафаў за экскрэменты трэба тэрмінова перанесці на беларускую глебу. А каб людзі паставіліся да новаўвядзення сур'ёзна, не будзе лішнім стварыць адмысловую сілавую службу.

2_555.jpg


Оркі — гэта Расія?

Вядомы літаратар, «бацька рускага фэнтэзі» Нік Перумаў у інтэрв'ю аднаму з літаратурных СМІ нечакана пракаментаваў папулярнае параўнанне расійскіх салдат ва Украіне з оркамі. Перумаў лічыць, што яно цалкам дапушчальнае, паколькі «оркі — руская контркультура». Акрамя таго, паводле пісьменніка, оркі таксама —  «неад'емная частка культуры Расіі». Гэту традыцыю, маўляў, заклаў яшчэ Блок са сваімі скіфамі.
Нарэшце пісьменнік мяркуе, што оркі — добрыя дысцыплінаваныя салдаты: «Яны (оркі) адданыя агульнай справе, яны не здаюцца ў палон. Гісторыю пішуць пераможцы. Войска, якое толькі і можа што біцца паміж сабой, наўрад ці здольнае ўяўляць для кагосьці небяспеку».
Варта дадаць, што нягледзячы на ​​любоў да оркаў сам Перумаў чамусьці аддае перавагу жыццю ў ЗША.
Так ці інакш, новыя прарывы Перумава ў галіне этнагінезу расіян, напэўна, патрабуюць паправак у нашу формулу нацыянальнай ідэнтычнасці.

3_492.jpg