Сусветныя цікавосткі. Парушэнне правоў алкаголікаў, новая валюта Украіны, ЛДНР у Казахстане
Як чарговыя кавід-абмежаванні дыскрымінуюць пітушчых, ці будзе новая валюта ва Украіне і як на мапе Казахстану ледзь не з'явілася новая «народная рэспубліка», чытайце ў нашай падборцы свежых кур’ёзаў.
Алкаголікаў дыскрымінуюць!
Квебек — канадская франкамоўная правінцыя — у рамках барацьбы з пандэміяй вырашыла ўвесці абмежаванні ў дачыненні да непрышчэпленых. Аднак гэта датычыцца не ўсіх, а асобнай катэгорыі грамадзян. Гаворка пра аматараў алкаголю. З 18 студзеня крамы, якія гандлююць алкаголем, будуць дасяжныя толькі для людзей з кавід-пашпартам, растлумачыў мясцовы міністр аховы здароўя. Увогуле, паводле апошніх даных Міністэрства аховы здароўя правінцыі, у Квебеку амаль 82% насельніцтва, старэйшага за пяць гадоў, атрымалі дзве дозы вакцыны супраць Covid, а 20% атрымалі трэцюю. Але ў апошнія дні колькасць шпіталізаваных тут рэзка ўзрасла. Пры гэтым сістэма аховы здароўя аслаблена з-за недахопу персаналу. Так ці інакш, аматары алкагольных напояў лічаць сябе дыскрымінаванымі і выходзяць на пратэсты. У сваю чаргу, міністр аховы здароўя заявіў, што ў найбліжэйшыя дні спіс месцаў, дзе спатрэбіцца прышчэпачны пашпарт, будзе пашыраны, і алкаголь там адназначна не прадаецца.
Па матэрыялах французскай прэсы
Замест грыўны — укры!
У Кіеве прапанавалі ўвесці новую валюту пад назвай «укр». Аўтарам ідэі выступіў музыка вядомага ўкраінскага рок-гурта «Green Grey» Андрэй Яцэнка. «Нам усім абяцалі па два гектары зямлі, але ніхто нічога не даў. Міністру лічбавай інфармацыі варта аблічбаваць усю нашу краіну, зямлю. І зрабіць з гэтага першую ў свеце лічбавую валюту — укр! Адзін укр на зямлю — з тых, што нам павінны былі. І кожнага ўкраінца зрабіць акцыянерам гэтых коінаў», — сказаў Яцэнка. Ён запэўніў, што пасля такога кожны ўкраінец нібыта стане акцыянерам і заробіць мільёны. «Праз тыдзень кожны ўкраінец будзе ездзіць на «Паршэ». Гэта мінімум і толькі з аднаго ўкра. А другі ён можа трымаць сабе на пенсію, таму што ўкр будзе каштаваць сотні тысяч долараў, а то і мільёны», — рэзюмаваў музыка.
Застаецца дадаць, што такія ілюзіі не першыя ў гісторыі сучаснай Украіны. На пачатку 90-х сярод украінцаў была папулярна легенда пра гетмана Палуботку, які нібыта паклаў у нейкі лонданскі банк кучу залатых манет, адпісаўшы іх сваім украінскім суайчыннікам. Як вынік у той час многія ўкраінцы на поўным сур'ёзе наіўна спадзяваліся атрымаць гэтыя казачныя скарбы.
Паводле ўкраінскай прэсы
Прыгоды аднаго рыцара
У Англіі скандал. Паўмільёна чалавек падпісалі петыцыю за тое, каб пазбавіць Тоні Блэра (былы прэм’ер Вялікабрытаніі) рыцарскага сану. Прыкладна 14 год назад палітык атрымаў гэты статус пасля заканчэння сваёй прэм'ерскай кадэнцыі. У прынцыпе, гэта была нармальная практыка. Права называцца «сэрам» ад каралевы Лізаветы атрымлівалі ўсе кіраўнікі кабінетаў Яе Вялікасці і нікога гэта асабліва не хвалявала. Аднак цяпер прыйшлі новыя часы. Шмат брытанцаў не могуць прабачыць Блэру інтэрвенцыю брытанскіх войскаў у Ірак. Як вядома, блэраўскі ўрад падмануў тады грамадства, заявіўшы, што Садам Хусэйн нібыта мае ядзерную зброю. На думку шмат каго, такія ўчынкі не пасуюць кодэксу англійскага рыцара. Аднак у сэра Тоні знайшліся і абаронцы. Яны нагадваюць, што Блэр атрымаў рыцарскі тытул заслужана. Напрыклад, ён дабіўся міру ў Паўночнай Ірландыі.
Цяжка сказаць, якім будзе фінал спрэчкі. У любым выпадку, Блэру не пагражае лёс тых, каго ў Сярэднявечча пазбаўлялі арыстакратычнага тытулу. Небаракаў выводзілі на пляц, пад енкі натоўпу здымалі даспехі і пасля нават маглі забіць.
Паводле брытанскай прэсы
Чарговая народная рэспубліка
Увечары 5 студзеня, калі ў шматлікіх гарадах Казахстана пратэсты дасягнулі апагея, на мапе ледзь не з'явілася новае дзяржаўнае фарміраванне. У расійскіх сетках пайшла гуляць інфармацыя пра тое, што ў шэрагу казахстанскіх рэгіёнаў рускамоўныя жыхары ствараюць групы самаабароны. Больш за тое, яны амаль збіраюцца абвясціць пра стварэнне Паўднёваўральскай рэспублікі (рус.: ЮНР). Некаторыя ўспрынялі навіну дастаткова сур'ёзна з улікам таго, што расійскія нацыяналісты даўно паклалі вока на паўночна-казахстанскія тэрыторыі. У іншых навіна выклікала скепсіс хаця б з улікам таго, што ўсе «групы самаабароны» знаходзяцца на Данбасе. У выніку рацыю мелі скептыкі — ЮНР так і не была абвешчаная. Аднак дэбаты вакол праекту трываюць. Справа ў тым, што башкірскія патрыёты патрабуюць ад расіян прыбраць рукі з Паўднёвага Уралу. На іх думку, землі цяперашняга паўночнага Казахстана маюць быць часткай Башкірыі.
Паводле расійскай прэсы