Шахцёры-пратэстоўцы забілі намесніка кіраўніка МУС Балівіі
Намеснік міністра ўнутраных спраў Балівіі Радольфа Ільянэс быў захоплены шахцёрамі ў закладнікі, а пазней забіты. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Карлас Рамэра.
![Пратэстоўцы-шахцёры патрабуюць змены працоўнага заканадаўства. Фота EPA Пратэстоўцы-шахцёры патрабуюць змены працоўнага заканадаўства. Фота EPA](/img/v1/userfiles/images/_90934281_48490ae8_18e9_4052_aa8e_3ff7af7749c1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пратэстоўцы-шахцёры патрабуюць змены працоўнага заканадаўства. Фота EPA
Ільянэс быў захоплены, калі накіраваўся да шахцёраў на перамовы., паведамляе ВВС.
"Усё паказвае на тое, што намеснік міністра Радольфа Ільянэс быў забіты — баязліва і жорстка", — заявіў кіраўнік міністэрства Карлас Рамэра на прэс-канферэнцыі.
Пра смерць чыноўніка заявіў таксама міністр абароны Рэймі Ферэра.
Акцыі пратэсту шахцёраў працягваюцца ў Балівіі ўжо два тыдні. Некалькі разоў даходзіла да сутычак з паліцыяй, падчас якіх былі забітыя двое пратэстоўцаў і параненыя 17 паліцэйскіх.
Шахцёры патрабуюць павышэння зарплаты, паляпшэння ўмоваў працы і абвінавачваюць прэзідэнта краіны Эва Маралеса ў правядзенні неаліберальнага эканамічнага курсу.
Ужо будучы ўзятымі ў закладнікі, Ільянэс даў інтэрв'ю мясцовай радыёстанцыі, у якім сказаў, што ў абмен на яго вызваленне шахцёры патрабуюць згоды ўрада на змяненне працоўнага заканадаўства і пачатку перамоваў.
56-гадовага чыноўніка ўзялі ў палон у горадзе Пандурый, які знаходзіцца ў 160 кіламетрах ад фактычнай сталіцы краіны Ла-Паса (фармальная сталіца — Сукрэ).
Радольфа Ільянэс адправіўся туды, каб пераканаць шахцёраў вызваліць заблакаваную аўтамагістраль.