Туркменістан. У сталіцу па прадукты
Харчовы крызіс у Туркменістане спарадзіў сцэны, што нагадваюць 1980-я гады ў СССР, калі жыхары перыферыі ехалі ў Маскву ў надзеі набыць прадукты.
![Чарга каля прадуктовай крамы ў Ашхабадзе. Фота з сайта Hronikatm.com Чарга каля прадуктовай крамы ў Ашхабадзе. Фота з сайта Hronikatm.com](/img/v1/images/magazinash.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Чарга каля прадуктовай крамы ў Ашхабадзе. Фота з сайта Hronikatm.com
Праўда «парашутысты» (так называлі тую публіку) шукалі ў сталіцы нейкі дэфіцыт. Што тычыцца Туркменістана, то правінцыялы атакуюць Ашхабад, каб набыць танныя хлеб і муку.
Справа ў тым, што на месцах скарацілі нормы выдачы мукі з 6 кілаграмаў на чалавека ў месяц да 10 кілаграмаў на ўсю сям’ю. У сталіцы людзі просяць заможнейшых сваякоў ці знаёмых аддаць ім сваю норму таннай мукі, бо не могуць сабе дазволіць закупляцца ў больш дарагіх прыватных крамах.
Зрэшты, набыць муку і хлеб недастаткова, трэба іх яшчэ вывезці са сталіцы. Дарожная паліцыя адлоўлівае іншагароднія аўтамабілі на выездзе з Ашхабада і забараняе вывозіць прадукты. Затое ў аўтобусах, якія выязджаюць са сталіцы, пакуль людзей не правяраюць.
Тым часам сітуацыя ў дзяржаўных крамах Ашхабада таксама пагаршаецца. У тым ліку таму, што спекулянты закупляюць танныя прадукты і потым перапрадаюць іх у прыватныя крамы.
Паводле туркменскай прэсы