Тысячы шатландцаў выйшлі на мітынг за незалежнасць

Першы міністр Шатландыі Нікала Стэрджэн да канца года падасць Лондану запыт на новы рэферэндум аб незалежнасці. Яе турбуе магчымая перамога кансерватараў на датэрміновых выбарах у брытанскі парламент.

51093044_303.jpg

У шатландскім горадзе Глазга ў суботу, 2 лістапада, прайшла масавая дэманстрацыя за незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Арганізатары ацанілі колькасць удзельнікаў у 20 тысяч чалавек. Многія прынеслі з сабой нацыянальныя сцягі. У ліку дэманстрантаў была і першы міністр Шатландыі Нікала Стэрджэн, упершыню за некалькі гадоў якая выйшла на падобную акцыю.
Перамога Кансэрватыўнай партыі Вялікабрытаніі на датэрміновых парламенцкіх выбарах 12 снежня азначае, што Шатландыя «супраць сваёй волі будзе вырвана з сям'і еўрапейскіх дзяржаў», заявіла Стэрджэн. Яна заклікала «ўзяць будучыню ў свае рукі і стаць незалежнай краінай».
У пачатку кастрычніка першы міністр Шатландыі абвінаваціла прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана ў намеры ажыццявіць «Брэксіт» без пагаднення з Еўрасаюзам, што супярэчыць волевыяўленню шатландскіх выбаршчыкаў. Стэрджэн заявіла, што ў бліжэйшыя два гады правядзе яшчэ адзін рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі. Напярэдадні суботняй дэманстрацыі першы міністр Шатландыі паведаміла, што накіруе Лондану запыт на яго правядзенне яшчэ да каталіцкіх Калядаў.
Падчас рэферэндуму ў 2014 годзе 55 працэнтаў шатландцаў выказаліся за далейшае знаходжанне ў складзе Злучанага каралеўства. Улетку 2016 года на плебісцыце па «Брэксіту» 62 адсоткі жыхароў Шатландыі выступілі за далейшае сяброўства ў ЕС.
dw.com