У Арменіі на акцыях пратэсту затрымалі 414 чалавек

Пратэсты ў Ерэване працягваюцца з сярэдзіны красавіка, апазіцыя абвінавачвае Пашыняна ў намеры «здаць Карабах».

Акцыя пратэсту ў Ерэване

Акцыя пратэсту ў Ерэване


Паліцыя затрымала 414 чалавек на акцыях пратэсту ў сталіцы Арменіі Ерэване ў аўторак, 17 траўня, паведамляе «Deutsche Welle».
Затрыманні пачаліся пасля таго, як пратэстоўцы пачалі перакрываць у горадзе дарогі, якія вядуць у аэрапорт і да будынка Мінабароны. Сярод затрыманых — сын другога прэзідэнта Арменіі Роберта Качарана Лявон, паведаміў ён у сваім тэлеграм-канале.
Ранішнія акцыі ў горадзе завяршыліся пасля таго, як адзін з лідараў апазіцыі, дэпутат ад партыі «Дашнакцуцюн» і віцэ-спікер парламента Ішхан Сагатэлян заклікаў сваіх прыхільнікаў разысціся і зноў сабрацца ў цэнтры Ерэвана ўвечары. «Мы выканалі пастаўленую мэту — зафіксавалі, што ў Арменіі народ — гаспадар сітуацыі. Спыняем акцыі непадпарадкавання», — напісаў Сагатэлян.

Пратэсты з-за сітуацыі з Нагорным Карабахам    

     

Арганізаваныя апазіцыяй акцыі пратэсту ў Ерэване працягваюцца з сярэдзіны красавіка пасля таго, як прэм'ер-міністр краіны Нікол Пашынян прапанаваў «апусціць планку ў пытанні статусу Карабаха» і заклікаў падпісаць мірнае пагадненне з Азербайджанам.
Пасля гэтага парламенцкая апазіцыя абвінаваціла Пашыняна ў намеры «здаць Карабах». Лідары пратэсту абвясцілі, што акцыі пратэсту будуць працягвацца, пакуль прэм'ер не сыдзе ў адстаўку. Сагатэлян у пачатку красавіка заклікаў пратэстоўцаў ладзіць «маштабныя акцыі грамадзянскага непадпарадкавання», забастоўкі і перакрываць дарогі.