У Германіі рэкорд нараджальнасці пасля года лакдаўнаў
Германія абнавіла 20-гадовы рэкорд нараджальнасці. У сакавіку там нарадзіліся амаль 66 тысяч дзяцей — рэкордны паказчык за апошнія 20 гадоў, падлічылі статысты.
У Германіі ў сакавіку 2021 года ўзровень нараджальнасці дасягнуў рэкорднага паказчыка за апошнія 20 гадоў: за месяц нарадзіліся амаль 66 тысяч дзяцей. Пра гэта заявілі ў Федэральным статыстычным ведамстве Германіі, паведамляе korrespondent.net.
Апошні раз колькасць нованароджаных перавышала адзнаку ў 65 тысяч у сакавіку 1998 года.
У статыстычным ведамстве патлумачылі сітуацыю паслабленнем абмежаванняў пасля першага лакдаўна ў Германіі ў траўні мінулага года. Рост узроўню нараджальнасці намеціўся ўжо ў лютым 2021 года. Пры гэтым у пачатку года паказчыкі заставаліся нязменнымі ў параўнанні з 2020 годам — гэта дазваляе сцвярджаць, што сам па сабе лакдаўн не выклікаў бэбі-бум.
Пакуль апублікаваныя толькі папярэднія лічбы. Удакладненыя даныя абнародуюць у ліпені.
Нагадаем, што ў 2019 годзе ў ЕС зафіксавалі самую нізкую нараджальнасць за амаль 60 гадоў. У сярэднім на адну жанчыну ў краінах Еўрасаюза прыпадаюць 1,53 дзіцяці. Самы высокі гэты каэфіцыент — у Францыі, самы нізкі — на Мальце.