У Іране жанчынам забаранілі здымацца ў рэкламе

Пасля роліка, у якім жанчына едзе ў машыне і каштуе марозіва, іранскім жанчынам забаранілі здымацца ў рэкламе. Забарона распаўсюджваецца таксама і на выкарыстанне «жаночых вобразаў» у відэа.

Ілюстрацыйнае фота: «Unicef»

Ілюстрацыйнае фота: «Unicef»


У адпаведнасці з так званым законам «Аб хіджабе і цноце» жанчынам у Іране забаронена з'яўляцца ў рэкламе. Такія лісты былі разасланыя іранскім Міністэрствам культуры і ісламскай арыентацыі ў рэкламныя агенцтвы і школы мастацва і кіно.
Забарону на ўдзел жанчын у рэкламе ўвялі пасля таго, як іранская кампанія «Domino» выпусціла ролік, дзе жанчына ў шэйлі (шаліку, накінутым на галаву; твар пры гэтым адкрыты) едзе ў аўтамабілі і каштуе марозіва, пакрытае шакаладнай глазурай. Яшчэ ў адным рэкламным відэа таго ж вытворцы жанчыну параўноўваюць з марозівам.
Улады Ірана падалі пазоў да кампаніі «Domino». На думку мясцовай «паліцыі нораваў», два гэтыя відэа «супярэчаць грамадскім прыстойнасцям», «абражаюць жаночыя каштоўнасці», а таксама вядуць да «прапаганды амаральнасці» ў грамадстве.


Сітуацыя з правамі жанчын у Іране пагаршаецца не адно дзесяцігоддзе. Акрамя прымусовага нашэння хіджабу, за якім сочыць «паліцыя нораваў» (за парушэнне гэтага правіла — нават на фотаздымках — караюць пазбаўленнем волі), і забароны на выкарыстанне «жаночых вобразаў» у якасці інструменту прыцягнення ўвагі, іранскім жанчынам забараняецца спяваць (выключэнне складае хор — пры ўмове, што там не чуваць асобных галасоў; а таксама народныя песні) і танцаваць, асабліва ў прысутнасці мужчын (выключэнне датычыцца толькі вандроўных плямёнаў). Забарона распаўсюджваецца і на грамадскі транспарт: для жанчын адводзяцца апошнія месцы ў транспарце або апошнія вагоны.
У Іране ўсё яшчэ распаўсюджаная практыка выдаваць дзяўчат замуж у 13 гадоў, пры гэтым нармальным лічыцца нараджэнне дзіцяці ва ўзросце да 15 гадоў, у дачыненні да жанчын прымяняецца смяротнае пакаранне.