У Італіі затрыманы лідар сепаратыстаў Каталоніі Карлес Пучдэмон. Яго экстрадыцыі патрабуе Іспанія

Былы лідар руху за незалежнасць Каталоніі Карлес Пучдэмон затрыманы на італьянскім востраве Сардзінія.

Фота NURPHOTO/GETTY

Фота NURPHOTO/GETTY

Пра гэта паведаміў яго адвакат у «Твітэры», піша ВВС. Пучдэмона затрымалі па міжнародным ордэры на арышт, выдадзеным Іспаніяй у кастрычніку 2019 года.

У паведамленні адваката сказана, што Пучдэмон наведваў Сардзінію ў якасці дэпутата Еўрапарламента. Юрыст таксама сцвярджае, што ордэр, па якім затрымалі палітыка, «прыпынены рашэннем Суда Еўрапейскага Саюза».

Паводле заявы офіса Пучдэмона, якую цытуе агенцтва Reuters, той быў затрыманы ў аэрапорце горада Альгера на Сардзініі, куды палітык прыбыў для ўдзелу ў міжнароднай выставе. Прадстаўнікі Пучдэмона паведамляюць, што на наступны дзень ён паўстане перад апеляцыйным судом, якому трэба будзе прыняць рашэнне ці пра яго магчымае вызваленне, ці пра экстрадыцыі ў Іспанію.

На Сардзініі Пучдэмон планаваў рэкламаваць каталонскі фальклор і праводзіць сустрэчы з мясцовымі лідарамі.

Іспанскія ўлады абвінавачваюць Пучдэмона ў падбухторванні да паўстання за яго ролю ў арганізацыі рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі ў 2017 годзе, які іспанскі суд прызнаў незаконным.

Пучдэмон збег з Іспаніі, а ў 2019-м быў абраны дэпутатам Еўрапарламента і атрымаў імунітэт ад судовага пераследу. Аднак у сакавіку гэтага года еўрапейскія дэпутаты вырашылі зняць недатыкальнасць з яго і з двух яго паплечнікаў. 

Няўдалы рэферэндум

У 2017 годзе ўлады Каталоніі на чале з Пучдэмонам правялі рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі ад Іспаніі, а затым абвясцілі незалежнасць. Цэнтральныя ўлады Іспаніі назвалі рэферэндум незаконным.

Пасля рэферэндуму цэнтральныя ўлады Іспаніі адправілі пад суд 12 лідараў сепаратыстаў, і дзевяць з іх у 2019 годзе атрымалі турэмныя тэрміны — ад 9 да 13 гадоў — за «падбухторванне да паўстання» і «растрату бюджэтных сродкаў» (на рэферэндум). Такое ж абвінавачванне прад'яўлена і ўцекачам з Іспаніі Пучдэмону з паплечнікамі.

У ліпені гэтага года ўлады Іспаніі вырашылі памілаваць дзевяцярых лідараў сепаратыстаў.

Аднак многія жыхары Каталоніі па-ранейшаму не настроеныя на супрацоўніцтва з Мадрыдам. На выбарах у каталонскі парламент у лютым гэтага года з нязначнай перавагай перамаглі прыхільнікі незалежнасці. У верасні на дэманстрацыю ў падтрымку аддзялення Каталоніі, якая адбылася ў Барселоне, выйшлі дзясяткі тысяч людзей.

Паводле ВВС