У Кітаі ўводзяць жорсткі кантроль за мабільнымі прыкладаннямі

Уліковыя запісы асоб, якія парушаюць заканадаўства Кітая, будуць прымусова закрывацца.

flickr.com/olle svensson

flickr.com/olle svensson

Дзяржаўная канцылярыя па справах інтэрнэт-інфармацыі Кітая робіць больш жорсткім кантроль за мабільнымі прыкладаннямі.
Распрацоўшчыкі абавязаныя будуць рэгістраваць карыстальнікаў прыкладанняў пад сапраўднымі імёнамі й весці маніторынг інфармацыі, якая размяшчаецца з дапамогай іх праграм. Уліковыя запісы асоб, якія парушаюць заканадаўства Кітая, будуць прымусова закрывацца.
Распрацоўшчыкі таксама павінны будуць захоўваць інфармацыю аб актыўнасці карыстальнікаў на працягу як мінімум 60 дзён. Уладальнікаў крам мабільных прыкладанняў абавяжуць больш жорстка правяраць распрацоўшчыкаў, якія прадаюць праграмы на іх платформах.
Новыя правілы ўступаюць у сілу з 1 жніўня гэтага года. На думку кітайскага ведамства, яны дапамогуць абараніць карыстальнікаў мабільнага інтэрнэту ў краіне ад пагроз тэрарызму, махлярства, парнаграфіі, распаўсюджвання чутак і крадзяжу інфармацыі.
Да канца 2015 года ў Кітаі налічвалася больш за 688 мільёнаў інтэрнэт- карыстальнікаў, 620 мільёнаў з якіх выходзілі ў сетку таксама й са сваіх смартфонаў. У кітайскіх крамах мабільных прыкладанняў у цяперашні час прадаецца больш за 4 мільёны праграм.
Паводле radyjo.net