У Літве за шалёныя грошы скупляюць мухаморы
У мясцовых газетах і на сайтах з'явіліся аб'явы, у якіх за кілаграм сушаных капялюшыкаў атрутных грыбоў прапануюць 150 еўра.

«Па ўсёй Літве скупляю сушаныя чырвоныя мухаморы. Кілаграм — 150 еўра», — з'явілася аб'ява ў адной з раённых газет у Лаздзіяй.

Аўтар аб'явы Арнольдас Скірімас у інтэрв'ю DELFI кажа, што грыбы перапрадае. Ён выказаў задавальненне тым, што ў Літве ён адзін скупляе небяспечныя грыбы, таму канкурэнцыі няма, аднак і людзей, якія б збіралі падобны тып грыбоў таксама не хапае. Так што гэты заробак яму складана назваць залатой жылай. «Кошт усталяваны такі, каб людзі цікавіліся, тэлефанавалі. У мінулым годзе цана была ніжэй, аднак калі людзі пачалі збіраць, сушыць, то зразумелі, што гэта сур'ёзная праца, і не такая ўжо простая, як можа здацца», — кажа ён. Па словах прадпрымальніка, набытыя грыбы ён перапрадае за мяжой: «Самыя вялікія рынкі — аўстрыйскі, нямецкі і амерыканскі. Скажам, у Аўстрыі ёсць людзі або сям'і, цэлыя сямейныя прадпрыемствы, дзе цяжка адрозніць, ці з'яўляецца яно юрыдычнай асобай, ці проста гэта група людзей, занятых у нетрадыцыйнай медыцыне, якія і скупляюць сыравіну».
Фітатэрапеўт, фармацэўт Віргініюс Скіркявічюс прызнаецца: першая думка, якая да яго прыйшла, калі ён пачуў аб скупцы чырвоных мухамораў — іх галюцынагенны эфект: «Гэта расліна выклікае галюцынацыі. І толькі пасля гэтага мы можам гаварыць пра яе гаючыя ўласцівасці. У тых, хто скупляе, могуць быць іншыя тлумачэнні, я не хачу падазраваць».
Здзівіла скупка мухамораў і шматгадовага прэзідэнта асацыяцыі грыбаводаў і перапрацоўшчыкаў Гінтаўтаса Мілюса. «Я чуў пра яго гаючыя якасці, але я не магу сказаць канкрэтна. Напэўна, кожны яд разумна можна выкарыстоўваць, каб атрымаць нешта карыснае, але я лічу, што гэта вельмі складаная рэч. Нават дотык да мухамора можа мець сур'ёзныя наступствы, трэба доўга мыць рукі», — адзначае эксперт.
Паводле delfi.lt