У Маскве аўтобус уехаў у падземны пераход, ёсць ахвяры
На допыце кіроўца сказаў, што аўтобус раптам паехаў сам, а спыніць яго не ўдалося з-за тармазоў, якія адмовілі, паведамляе Следчы камітэт Расіі.

Фота з месца падзей. Фота YURI KIBIROV / FACEBOOK
Аўтобус уехаў у
падземны пераход у раёне станцыі метро "Славянскі бульвар" у Маскве.
Як паведамляюць расійскія СМІ, загінулі 4 ці 5 чалавек, яшчэ 11 чалавек
пацярпелі.
Маскоўская паліцыя пацвярджае гібель пяці чалавек і шпіталізацыю траіх. Дэпартамент аховы здароўя Масквы, у сваю чаргу, паведамляе пра дзевяць шпіталізаваных і чацвёра загінуўшых.
У паведамленні сталічнага ўпраўлення МУС гаворыцца, што аўтобус, які крануўся ад прыпынку, з'ехаў з праезнай часткі, а затым трапіў у падземны пераход і захрас. Пры гэтым ён збіў некалькі чалавек.

Фота з месца здарэння. Фота INSTAGRAM / MAKARGENERALOV
Суразмоўца “Інтэрфакса”
распавёў, што аўтобус накіроўваўся ў інавацыйны цэнтр "Сколкава", які
ён "карпаратыўна абслугоўваў".
Прычыны інцыдэнту ўсталёўваюцца, пры гэтым версія тэракту не разглядаецца. У паліцыі паведамілі, што вывучаюць дзве версіі: альбо ў аўтобуса адмовілі тармазы, альбо кіроўца не справіўся з кіраваннем.

На адным з
запісаў з камер відэаназірання відаць, што аўтобус доўга стаіць на прыпынку, а
потым кранаецца з месца — і адразу ж выязджае на тратуар ды едзе ў бок
падземнага пераходу.
Кіроўца аўтобуса затрыманы. Папярэдняя экспертыза ўстанавіла, што мужчына быў цвярозы. У кампаніі "Мострансавто" агенцтву “Інтэрфакс” заявілі, што стаж кіроўцы складае 20 гадоў і перад рэйсам ён прайшоў абавязковы медагляд.

Паводле дадзеных Следчага камітэта Расіі, на допыце кіроўца сказаў, што аўтобус раптам паехаў сам, а спыніць яго не ўдалося з-за тармазоў, якія адмовілі.
Крыху больш падрабязную версію паказанняў прыводзіць Telegram-канал Mash. Паводле яго даных, кіроўца заявіў, што хацеў ледзь пасунуць свой аўтобус, каб саступіць месца на прыпынку іншаму. Але, па словах мужчыны, як толькі ён зняўся з ручнога тормазу, аўтобус паехаў і спыніць яго не ўдалося.
У сувязі з ДТЗ распачата справа адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу аб аказанні паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, і аб парушэнні правілаў дарожнага руху. Па першым артыкуле адказнасць пагражае перавозчыку, а па другім — кіроўцу.
Паводле ВВС