У Польшчы адзначаюць Дзень памяці ахвяр Катынскага злачынства

13 красавіка 1943 года нямецкае радыё паведаміла, што ў катынскім лесе знойдзеныя парэшткі тысяч польскіх жаўнераў.



04f90c14_4bef_4731_bf41_30d43f49e821.file

Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак у адмысловым звароце заявіў, што масавы расстрэл у Катыні, здзейснены па загадзе Сталіна, быў прызваны пазбавіць Польшчу эліты краіны.

Кіраўнік Мінабароны Польшчы нагадаў, што ад рук НКУС у Катыні, Харкаве і Медным загінулі тысячы польскіх афіцэраў, навукоўцаў, юрыстаў, прадстаўнікоў духавенства, лекараў і палітыкаў — эліта Другой Рэчы Паспалітай.

«Гэта былі героі, якія заплацілі самую высокую цану за свабоду Польшчы. Іх таемна закопвалі ў катынскім лесе і многіх іншых месцах. Трагедыя іх сем'яў, якія доўгі час нічога ня ведалі пра лёс сваіх блізкіх, гэта вялікая рана, якая не зажыла. На працягу многіх гадоў праўду пра гэта злачынства спрабавалі хаваць. Але гэты злачынны ўдар не зламаў польскага духу і не пазбавіў нас адвагі», — сказаў кіраўнік Мінабароны Польшчы.

13 красавіка з нагоды Дня памяці ахвяраў Катынскага злачынства па ўсёй Польшчы праходзяць мерапрыемствы. Раніцай прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ўсклаў кветкі і запаліў свечкі ля памятнай табліцы ў Катынскім музеі ў Варшаве.

www.radyjo.net