У Туркменістане дэмантавалі пазалочаны помнік Туркменбашы
З 1999 года Туркменбашы атрымаў афіцыйны тытул — пажыццёвы прэзідэнт.
У Туркменістане дэмантавалі пазалочаны помнік першаму прэзідэнту краіны Сапармурату Ніязаву (Туркменбашы).
Помнік размяшчаўся ў Ашхабадзе на праспекце Махтумкулі, які праходзіць па цэнтры сталіцы перад будынкам МУС краіны. Скульптура адлюстроўвала Туркменбашы, які сядзіць у крэсле ў генеральскім мундзіры.
Тэрыторыя вакол будынку МУС і помніка больш за месяц таму была абгароджаная будаўнічым плотам у сувязі з рэканструкцыяй тратуараў. Калі пасля заканчэння рэканструкцыі плот прыбралі, помніка перад будынкам МУС не аказалася.
Гэта ўжо не першы дэмантаваны помнік Туркменбашы ў Ашхабадзе. Раней, у 2011 годзе з цэнтральнай часткі горада была перанесеная на яго ўскраіну знакамітая пазалочаная статуя Сапармурата Ніязава, якая круцілася ўслед за сонцам.
Сапармурат Ніязаў быў першым прэзідэнтам Туркменістана з моманту атрымання незалежнасці. Ён займаў пасаду з 1990 года па снежань 2006 года, ажно да сваёй смерці. З 1999 года Туркменбашы атрымаў афіцыйны тытул — пажыццёвы прэзідэнт.
www.radyjo.net