У Туркменістане запусцілі ўласную сацыяльную сетку. Усе іншыя заблакаваныя
Туркменская сетка атрымала назву «Біз бярдэ» («Мы тут», стваральнікі прапануюць таксама выкарыстоўваць скарочаную назву «Бі-Бі»). Пра гэта 23 снежня паведаміла выданне Orient.
Прэзентацыя новай сацсеткі адбылася ў канцэртнай зале «Туркменістан» у межах канцэрту «Сунгат эсэры», які займаецца прадзюсаваннем маладых музыкаў. «Мы доўга працавалі над тым, каб наш прадукт падабаўся карыстальнікам, і нам давялося сутыкнуцца з вялікай колькасцю складанасцяў. Сетка «Біз бярдэ» не ідэальная, але па многіх параметрах яна не саступае папулярным у Туркменістане аналагам», — заявіў генеральны дырэктар «Сунгат эсэры» Эзіз Бекназараў.
Яшчэ да афіцыйнай прэзентацыі дадатак «Бі-Бі» спампавалі больш за 5 тысяч карыстальнікаў Android.
Сацыяльная сетка дазваляе абменьвацца імгненнымі паведамленнямі, файламі, ствараць публічныя паведамленні, прымацоўваючы да іх фота, відэа і іншыя файлы. Таксама на сайце і ў дадатку прадугледжаны функцыі для публікацыі аб'яў аб куплі-продажы, якія ўбачаць не толькі сябры карыстальніка, але і іншыя наведвальнікі.
Ва ўмовах выкарыстання сацсеткі гаворыцца, што карыстальніку павінна быць не менш за 13 гадоў. Карыстальнік нясе адказнасць за любую інфармацыю, апублікаваную з яго акаўнта. Ён абавязваецца нікога не абражаць, не турбаваць і не пагражаць іншым карыстальнікам. Адзначаецца, што адміністрацыя мае права спыніць прадастаўленне паслуг у любы момант без папярэдняга паведамлення і тлумачэння прычын.
Усе папулярныя замежныя сацсеткі, такія як фэйсбук, твітар, інстаграм, аднакласнікі і Укантакце, у Туркменістане заблакаваныя. Людзі, якія абыходзяць блакаванне і рэгіструюцца ў замежных сацсетках, могуць быць выкліканыя «на размову» ў спецслужбы. Калі ж супрацоўнікі спецслужбаў выявяць лайкі і каментары карыстальніка пад крытычнымі запісамі аб Туркменістане, у яго могуць узнікнуць сур'ёзныя непрыемнасці.
Паводле nn.by