У Варшаве перапахавалі апошнія парэшткі ахвяраў сталінскіх злачынстваў
Цырымонія прайшла на могілках «Павонзкі» ў Варшаве. Парэшткі былі знойдзеныя супрацоўнікамі Інстытуту нацыянальнай памяці ў ходзе эксгумацыйных прац у месцы растрэлу апанентаў камуністычнай улады.
У ходзе цырымоніі быў зачытаны ліст ад прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. У ім кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў, што «гэта апошнія парэшткі ахвяраў камуністычнага тэрору, якія пад покрывам ночы былі закапаныя ў безыменных магілах».
Я веру ў тое, што мы адшукалі астанкі ўсіх зняволеных, пахаваных тут у 40-х і 50-х гадах, – напісаў Анджэй Дуда.
У згаданым месцы ў 1948-1956 гадах Служба бяспекі тагачаснай Польшчы таемна закапала некалькі сотняў целаў ахвяр, якімі часта былі жаўнеры антыкамуністычнага падполля. Да гэтага часу былі знойдзеныя парэшткі больш за 200 чалавек. Эксгумацыйныя працы праводзіліся ад 2012 году.
«Польскае Радыё»