У Варшаве праходзіць акцыя за вызваленне палітвязняў Беларусі (фота, відэа)
Увечары 24 траўня каля офіса Еўракамісіі ў Варшаве пачалася акцыя салідарнасці з Беларуссю. Удзельнікі акцыі патрабуюць вызвалення журналіста Рамана Пратасевіча і ўсіх беларускіх палітвязняў.
У мерапрыемстве бяруць удзел не толькі беларусы, вымушаныя пакінуць радзіму, а і палякі. Таму тут гучаць лозунгі, кшталту «Мінск-Варшава — супольна справа!».
Відавочцы адзначаюць вялікую колькасць супрацоўнікаў паліцыі. Праваахоўнікі просяць удзельнікаў разысціся, бо мерапрыемства не было санкцыянавана.
Відавочцы адзначаюць, што акцыя даволі шматлюдная: у ёй бяруць удзел каля 250 чалавек.
Да акцыі салідарнасці далучыліся беларускія і польскія анархісты — з рытмамі супраціву.