У Кітаі за тры гадзіны пабудавалі “дом з 3D-прынтара” (фота)
Будынак трывалы і здольны пераносіць землятрусы магнітудай у 9 балаў.
Паўнавартасны двухпавярховы дом, зроблены па 3D-тэхналогіі, узвялі ў Кітаі ўсяго за тры гадзіны. Вілу раздрукавалі на прынтары. Дом зроблены з асобных модуляў, якія выпускаюць на фабрыцы адразу цалкам, у тым ліку з унутраным аздабленнем, праводкай, водаправодам, сантэхнікай і мэбляй. Калі модулі прывозяць на будаўнічую пляцоўку, дом ужо гатовы на 90 %, піша vesti-ukr.com са спасылкай на замежныя СМІ.
Фрагменты дома друкуюцца з пэўнага складу, які трымаецца ў таямніцы. Апроч таго, дом вылучаецца высокай цеплаізаляцыяй. Як сцвярджаюць вытворцы, у ім не горача летам і не холадна зімой.
Вядома толькі, што ў гэты сакрэтны склад уваходзяць матэрыялы, атрыманыя з прамысловых і сельскагаспадарчых адкідаў, у якіх няма шкодных рэчываў.
Да таго ж надрукаваны на прынтары дом можа вытрымліваць землятрусы магнітудай 9 балаў, а таксама не баіцца вады і агню.
Пасля завяршэння друку гатовыя модулі проста збіраюцца брыгадай рабочых. Такім чынам кошт будаўніцтва нашмат ніжэйшы, чым узвядзенне дамоў з выкарыстаннем іншых тэхналогій.