Рашэнне пра ўсталяванне помніка Льву Троцкаму было прынята падчас сесіі Савета горада Бабрынец, што на Кіраваградчыне. Ініцыятарам стала Грамадская рада. Яе сябрамі было прынятае рашэнне "Пра ўсталяванне ў цэнтральным парку горада помніка Л. Д. Троцкаму ў гонар 130-х угодак нараджэння земляка, вядомага палітычнага дзеяча. Адкрыццё запланавана на 2010 год. Для ўсталявання помніка ў цэнтральным парку горада Савет вырашыў прыцягнуць “дабрачынныя сродкі". Рашэнне можна лічыць сенсацыйным, асабліва з улікам таго, што Троцкі трактуецца ў сучаснай Украіне як адзін з галоўных ворагаў Украінскай Народнай Рэспублікі. Аднак, хутчэй за ўсё, бабрынцамі кіравалі не сімпатыі да левых ідэяў, а выключна прагматычныя матывы. Вядома, што горад Гуляй-Поле — радзіма Нестара Махно — даўно эксплуатуе імя славутага земляка на турыстычным рынку. Тут штогод адбываецца вялікі культурны фестываль. Імя Троцкага, між тым, вельмі папулярнае сярод левых актывістаў Еўропы, і не выключана, што некаторыя з іх захочуць наведаць месца нараджэння свайго куміра. Дарэчы, у свой час пасля рэвалюцыі ўкраінскія бальшавікі насіліся з ідэяй назваць Кіеў “Трацкіеў.
Па матэрыялах украінскай прэсы